Паранены каліновец Дзяніс Урбановіч ідзе на папраўку, яго перавялі з рэанімацыі ў палату
Пра стан каліноўцаў, параненых на ўсходзе Украіны, расказала камандзір эвакуацыі батальёна «Волат» Настасся «Север» Махамет.
«Усе стабільныя, у нармальным стане. Іх жыццям нічога не пагражае. Урбановіча з рэанімацыі перавялі ў палату. Пытанне стаіць у рэабілітацыі. Хутка ўсе хлопцы будуць у Кіеве. Будзем спакойныя, што стратаў у нас не будзе», — цытуе Настассю Махамет «Н*ша Ніва».
Дзяніса Урбановіча параніла ў грудную клетку. Пра раненне
кіраўніка «Маладога фронту» і яго саслужыўцаў паведаміла 5 студзеня прэс-служба
палка Каліноўскага.
«Байцоў эвакуявалі, ім была своечасова аказана медыцынская
дапамога», — гаварылася ў паведамленні. Група эвакуацыі атрымала кантузіі.
«Яны вылечацца. Ачуняюць. Павернуцца ў нашыя шыхты. І ажыццяўляць сваю мэту — вызваленне Беларусі!» — паведаміла прэс-служба палка Каліноўскага 7 студзеня.
Дзяніс Урбановіч трапляе ў шпіталь ужо трэці раз. Улетку яго
кантузіла, а ў лістападзе ён атрымаў асколачнае раненне.
Полк Каліноўскага працягвае бараніць Бахмут — бадай, самую гарачую кропку на карце баявых дзеянняў. Пра тое піша
прэс-служба вайсковага фарміравання.
«Зараз. Тут. Сваімі ахвярамі і пралітай крывёю мы запісваем у гісторыю Украіны наш унёсак у перамогу дабра над гэтым злом Мордара», — перадае з франтавога горада камандзір батальёна «Волат» Ян «Беларус» Мельнікаў.