За нашу і вашу свабоду. Адзінаццаць добраахвотнікаў палка Каліноўскага атрымалі раненні

Вайна працягваецца. Беларусы, якія мужна змагаюцца на баку Украіны, за апошнія дні атрымалі раненні. 

polk_kalinouskaha_4.jpg

Добраахвотнікі палка Каліноўскага ўдзельнічалі ў дзвюх буйных аперацыях на ўскрайку Бахмута 31 снежня і 3-4 студзеня.
31 снежня 6 чалавек былі паранены: двое з асколачнымі раненнямі і чацвёра — з кантузіяй рознай ступені, расказала камандзір эвакуацыйнай групы батальёна «Волат» «Север».
3 і 4 студзеня пяцёра чалавек атрымалі раненні: трое з кулявымі раненнямі, адзін — з асколачным і яшчэ адзін — з кантузіяй.
Раней стала вядома пра раненне Дзяніса Урбановіча, лідара «Маладога фронту». Яго параніла ў грудную клетку ў баі на ўсходзе краіны.
«Дактары кажуць, што ўсё загоіцца, толькі час трэба», — запэўнівае ваяр Палка Каліноўскага. — Трапіла куля проста ў грудзі, пайшла па целе ды ўперлася ў рэбры. Дыхаць не вельмі добра, лёгкае пашкоджана».
Па яго словах, пашкоджана дыяфрагма, грудная клетка і зламаны дзве рабрыны.
«У лёгкіх застаецца кроў, цяпер ставяць дрэнаж», — дадаў Дзяніс. Яму ўжо зрабілі аперацыю. Баец пачуваецца збольшага нармальна.
Дзяніс Урбановіч трапляе ў шпіталь ужо трэці раз. Улетку яго кантузіла, а ў лістападзе ён атрымаў асколачнае раненне. Полк Каліноўскага ўдзельнічае ў абароне Бахмута. Гэта самае гарачае месца фронту цяпер.