Па Белавежскай пушчы шпацыруе мядзведзь. І гэта навіна
Клышаногага зафіксавалі камеры на беларуска-польскай мяжы, паведамляе Зялёны партал.
Гэта першы за 16 гадоў мядзведзь заўважаны ў Белавежскай Пушчы, паведамляе сайт EuroBY.info. У канцы траўня бягучага года сляды мядзведзя таксама зафіксавалі ў Пружанскім раёне.
Цікава, што бліжэйшая да Белавежскай пушчы папуляцыя мядзведзяў жыве ў Налібоцкай пушчы ў 200 км ад таго месца, дзе камеры сфатаграфавалі маладога мядзведзя.
Мядзведзі зніклі з Белавежскай Пушчы ў другой палове XIX стагоддзя. Апошні мядзведзь быў застрэлены ў 1878 годзе падчас царскага палявання.
Бурыя мядзведзі ў Беларусі занесены ў Чырвоную Кнігу. Колькі дакладна асобін цяпер жыве ў Беларусі, дакладна не ўстаноўлена. Кажуць, што каля 150. З іх каля 40 — у Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Пры сустрэчы з мядзведзем у лесе эксперты раяць паводзіць сябе шумна. Свістаць, спяваць, гучна размаўляць. Пры гэтым нельга рабіць рэзкіх рухаў, адварочвацца ад мядзведзя спіной і спрабаваць ўцячы. Лепш акуратна адыходзіць назад.