Непаўналетнія ахвяры гвалту
Згодна з дадзенымі МУС, штодня ў Беларусі гвалтуюць хаця б адно дзіця. І бадай што адзіная грамадская арганізацыя, якая займаецца менавіта праблемай сексуальнага гвалту над дзецьмі, — МГА «Разуменне».
Самі вінаватыя
Калі мне было 13 гадоў, я ўпершыню ў жыцці пашыла сабе на ўроках працы кароткую спадніцу. Апранула яе і паехала ў горад. У аўтобусе раптам адчула, што мяне нехта мацае. Я напалохалася настолькі, што баялася паглядзець назад. Як варам аблітая, я кінулася да выхаду, па дарозе расштурхоўвала астатніх пасажыраў. Выскачыла не на сваім прыпынку. Мне было страшна, прыкра і брыдка. Астатні шлях да дому я ішла пешшу. Ані бацькам, ані настаўнікам я пра гэты выпадак не распавядала. У тым, што адбылося са мною, я лічыла вінаватай сябе, а спадніцу тую не любіла апранаць.
Толькі праз шмат гадоў я даведалася, што дзеці, якія адчулі на сабе сексуальныя дамаганні або гвалт з боку дарослых, вельмі часта рэагуюць менавіта гэткім чынам. Ім падаецца, што гэта яны самі былі прычынаю таго, што адбылося з імі. Менавіта таму выявіць факты сексуальнага гвалту над дзецьмі настолькі складана.
Напрыклад, статыстыка за 2013 год кажа, што колькасць выпадкаў сексуальнага гвалту над дзецьмі ў Беларусі дасягнула 389. Гэта толькі тыя, па якіх быў вынесены абвінаваўчы прысуд.
Узнікае пытанне: колькі ж іх было насамрэч? «Памнажайце на 10 і не памыліцеся!» — кажуць адмыслоўцы.
Не блытаць з хатнім гвалтам
На барацьбу з хатнім гвалтам ва ўсім свеце выдаткоўваюцца вялізарныя сродкі. Пра гэта шмат кажуць СМІ. Гвалт супраць дзяцей расцэньваецца як адзін з відаў такога гвалту. А між іншым, гэта розныя паняцці.
«Калі дзіця распавядае пра тое, што яго збілі, што яго цкуюць у школе або здзейснілі над ім сексуальны гвалт, у 99,9 працэнтах выпадкаў ён кажа праўду, — сцвярджае Андрэй Маханько, кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Разуменне». — Маніпуляваць гэткімі рэчамі могуць хіба што падлеткі. Прычым адбываецца такое пад уплывам дарослых, якія хочуць мець з гэтага матэрыяльную карысць».
Таму спадар Андрэй настойліва раіць паверыць дзіцяці, якое скардзіцца на гвалт. Тым болей, што ёсць і ўскосныя прыкметы таго, што яно кажа праўду. Сярод такіх прыкметаў — прыгнечаны настрой, не ўласцівая ўзросту цікаўнасць да сексуальнага жыцця, замкнутасць ці, наадварот, ненатуральная распушчанасць паводзінаў дзіцяці.
Што рабіць у гэтым выпадку? Спадар Андрэй раіць пісаць заяву ў органы ўнутраных справаў або раённы аддзел Следчага камітэту. Бо без такой заявы ніхто не будзе нічога разглядаць. Калі за сцяной плача дзіця, і вы ведаеце суседа, то да яго, канешне, можна падысці і наўпрост. Баіцеся або не ведаеце суседа? Тэлефануйце ў міліцыю. Калі раней міліцыянты не рэагавалі на гэткія скаргі, то цяпер, хутчэй за ўсё, паставяцца да такога тэлефанавання больш уважліва. Следчая брыгада абавязкова мусіць адразу прыцягнуць да працы адпаведна падрыхтаванага псіхолага, які прафесійна правядзе апытанне.
Цяжка даказаць
«Большасць справаў, звязаных з сексуальным злоўжываннем дзецьмі, цяжка даказаць, — распавядае начальнік аддзелу псіхолага-фізіялагічных даследаванняў галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертызаў цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь Людміла Мун. — Часцей за ўсё гвалтоўныя дзеі сексуальнага характару не суправаджаюцца фізічным гвалтам, то бок няма матэрыяльных слядоў. У нас застаюцца толькі словы дарослага і словы дзіцяці. Але да дзяцей ёсць пэўны недавер".
З другога боку, дарослы чалавек з дарослай логікай можа аргументаваць, выбудаваць уласную абарону. Дзіця не ўмее гэта рабіць, яно ў нявыгаднай сітуацыі. Таму такія справы маюць патрэбу ў дадатковых доказах. Менавіта таму паводле ініцыятывы генеральнай пракуратуры, следчага камітэту і камітэту судовых экспертызаў з 1 снежня 2014 года існуе наш аддзел, у якім праводзяцца псіха-фізіялагічныя даследаванні, у тым ліку з выкарыстаннем паліграфа. Яны праводзяцца выключна ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных у сексуальных злачынствах супраць дзяцей.
Паводле статыстыкі, ахвярамі сексуальнага гвалту часцей робяцца дзяўчаты, у сярэднім сітуацыя сямейнага сексуальнага гвалту доўжыцца 5 гадоў. Самае цяжкое для ахвяры — тое, што маці не заўсёды становіцца на яе бок. «Сярод прычын, чаму маці не бароніць дзіця, не абавязкова эканамічныя матывы (у выпадку, калі абвінавачаны — кармілец сям’і), — працягвае Людміла Еносаўна, — гэта можа быць і рэўнасць да дзіцяці як сексуальнага канкурэнта або спроба пазбегнуць пачуцця вінаватасці».
Не менш цяжкая сітуацыя, калі на дзіця пачынаюць ціснуць сваякі абвінавачанага, якія хацелі б прыкрыць злачынцу. Пры гэты дзеці маюць патрэбу распавесці пра тое, што з імі адбылося. Аднак маўчаць, бо папросту няма каму, таму што найбольш блізкія людзі здрадзілі.
Пакой апытання
Адзін з пакояў, дзе могуць спакойна выслухаць дзіця, знаходзіцца пры Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя. Першае, што кідаецца там у вочы — гэта велічэзнае люстэрка — на палову сцяны. Насупраць стол, канапа ды цацкі. Тут псіхолаг размаўляе з маленькай ахвярай. Па-за люстрам падчас апытання дзіцёнка знаходзяцца прадстаўнікі следчых органаў, міністэрства адукацыі, часам бацькі. Уся размова запісваецца на дзве камеры ды выводзіцца на кампутар, які таксама знаходзіцца па-за люстэркам. Адна камера здымае пакой цалкам, другая — дзіця буйным планам. Запіс размовы потым выкарыстоўваецца падчас следства і ў судзе. Гэткім чынам дзіця не будзе дадаткова траўмаванае шматлікімі допытамі ды апытаннем на судзе. Бо каля 10 працэнтаў псіхічных захворванняў, якія ўзнікаюць пасля сексуальнага гвалту, з’яўляюцца следствам не самога гвалту, а працэдуры расследавання гэтага гвалту.
У адказ на просьбу прывесці прыклады такіх размоваў, эксперты-псіхолагі дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў Анжэліка Назаранка ды Наталля Махнач толькі ўсміхаюцца. Прыводзіць прыклады з практыкі ім забаронена законам. Інакш гэта будзе разгалошваннем таямніцы следства.
Адзінае, што яны могуць паведаміць, дык гэта тое, што мусяць высветліць дэталі ды акалічнасці таго, што адбылося з дзіцём. Алгарытм пытанняў да маленькай ахвяры пабудаваныя такім чынам, каб высветліць максімальную колькасць інфармацыі.
«Існуе пэўная схема, — распавядаюць эксперты, — яна рухавая, бо мы мусім падладзіцца пад кожнае дзіця, улічыць ягоны ўзрост, асаблівасці, узровень развіцця, а самае галоўнае, для чаго існуе гэты пакой — гэта стварыць сяброўскую для дзіцяці атмасферу, у якой яно можа раскрыцца, распавесці ўсё, што з ім адбывалася». Менавіта дэталі сведчаць пра тое, што чалавек кажа праўду. Пытанні мусяць быць адкрытымі. Напрыклад, нельга спытаць, ці быў дарослы ў чырвонай кашулі, можна толькі спытаць, як ён быў апрануты?
За ўсю практыку ані Наталля, ані Анжаліка маленькіх сімулянтаў амаль не сустракалі, хаця ёсць і цяжкасці: «Часам бывае вельмі цяжка пабачыць або хлусню, або тонкую карэкціроўку сітуацыі. Але дзеля гэтага мы і навучаліся», — усміхаецца Наталля. «Адмыслоўцу адразу бачна нюансы, — працягвае Анжаліка. — Бываюць несупадзенні паміж фактамі, нейкая завучанасць, дзіця распавядае адно і тое ж, без падрабязнасцяў, вось тут ужо можна падазраваць нейкую фантазію або хлусню».
Вывадаў, ці сапраўды вінаваты чалавек, якому інкрымінуюць злачынства, псіхолагі-эксперты, аднак, не робяць, а толькі прадстаўляюць відэаматэрыялы следству.
Першы такі сяброўскі дзецям пакой з’явіўся ў Беларусі ў 2009 годзе. Цяпер у Беларусі ёсць 17 такіх пакояў.
Што рабіць дзіцяці?
Калі дзіця дастаткова дарослае, каб тэлефанаваць некуды самастойна, то ў сітуацыі гвалту можа звярнуцца на кругласутачную дзіцячую лінію дапамогі 8-801-100-1611.
Цягам трох гадоў яна фінансавалася праз міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Разуменне». Пасля заканчэння праекту лінія стала працаваць на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя.
На словы Сяргея Осіпчыка, намесніка дырэктара па медычнай частцы цэнтру, за суткі тэлефануюць прыкладна 1–2 чалавекі. Гэта могуць быць як самі дзеці, так і дарослыя, якія сталі сведкамі гвалту над дзецьмі. Часцей за ўсё тэлефануюць увечары ды па выходных.
На тэлефанаванні адказваюць адмыслова навучаныя працаўнікі цэнтру псіхічнага здароўя. Гэта можа быць як медычная сястра так і доктар, які заспеў тэлефанаванне. «Па-першае, трэба супакоіць дзіця. Мы маем спіс кропак, па якім мы пераразмяркоўваем гэтыя тэлефанаванні. Калі ёсць прыкметы складу крымінальнага злачынства, мы паведамляем у органы ўнутраных справаў», — распавядае Сяргей Іванавіч.
Пакуль дзіцячая лінія знаходзіцца ў прыёмным пакоі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя. Таму, на вялікі жаль, адказаць на ўсе тэлефанаванні ў адмыслоўцаў цэнтру не атрымліваецца праз вялікую занятасць працаўнікоў.
Адзіны нацыянальны кол-цэнтр дзіцячай лініі пакуль толькі ў далёкіх планах арганізатараў. Як і шырокі распаўсюд інфармацыю пра дзіцячую лінію сярод насельніцтва. Дагэтуль тэлефон не ўнеслі ў спіс абавязковых нумароў, якія друкуюцца ў дзённіку вучня.
«Мы вывучылі некалькі мадэляў: амерыканскую, ісландскую, шведскую, брытанскую, — кажа Андрэй Маханько. — Мы паглядзелі, што дзе працуе, аб’ядналі і распрацавалі адзіную мадэль абароны дзяцей ад гвалту, яна ўключае дзіцячую лінію, пакоі апытання, лячэнне, плюс праца з дзецьмі, якія зніклі або эксплуатуюцца. Сёння гэтая мадэль прызнаная ва ўсім свеце, досвед пераймаюць ЗША. Нам далі дзве ўзнагароды за распрацоўку. А што нам гэтыя ўзнагароды, калі нашы беларускія дзеці не могуць скарыстацца нашым досведам?»