«Нас называлі будучым Беларусі, а цяпер крадуць будучыню ў нас»
Прадстаўнікі IT-Community запісалі відэа ў падтрымку затрыманых супрацоўнікаў PandaDoc.
Нагадаем, што чатыры супрацоўнікі PandaDoc: бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — былі затрыманыя на два месяцы па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 4 артыкула 210 КК Рэспублікі Беларусь.
У кампаніі заявілі, што ўся дзейнасць фірмы вялася ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам. У PandaDoc упэўненыя, што рэпрэсіі праводзяцца, каб аказаць ціск і спыніць ініцыятыву яе заснавальнікаў.
Нядаўна справу супрацоўнікаў кампаніі перадалі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі. Учора, 10 верасня, іх даставілі ў будынак СК, але да іх не пусцілі адвакатаў.
Сузаснавальнік кампаніі Мікіта Мікада раней адкрыта выказваў меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне: у прыватнасці, прапаноўваў варыянты дапамогі, у тым ліку матэрыяльнай, сілавікам, якія хочуць звольніцца з праваахоўных органаў.