На 55-м годзе жыцця памёр герой руху за незалежнасць Віктар Івашкевіч

Ён цяжка хварэў, чакаў перашчэпу пячонкі, але донара так і не знайшлі.



ivashkevich_viktor_200.jpg

На 55-м годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Віктар Івашкевіч.
Паводле словаў сябры і аднапартыйца Лявона Баршчэўскага, у Віктара Івашкевіча была хвароба пячонкі, ён доўга чакаў донара, але не дачакаўся. Доўгі час ляжаў у бальніцах.
Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 у Мінску. З пачатку 1980-х — у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Майстроўня», «Талака». З 1988 — у Беларускім Народным Фронце.
Быў арганізатарам страйкамаў на минскіх прадпрыемствах у 1991 годзе.
Шмат разоў яго арыштоўвалі. Быў рэдактарам газэты «Рабочы». У кастрычніку 2002 быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзыдэнта.
Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 года. Да лютага 2011 г. быў кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі БНФ. Але ў лютым абвясціў пра выхад з партыі з-за нязгоды з пазіцыяй, якую заняў былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.
Быў сябрам аргкамітэта партыі «Беларускі рух».

Лявон Баршчэўскі: Івашкевіч заўсёды верыў у перамены


Сябра аднапартыец Віктара Івашкевіча, педагог Лявон Баршчэўскі кажа пра свайго сябра:
«Вялізная страта. Самае галоўнае – ён быў аптымістам. Верыў, што магчымыя змены. Рабіў усё, каб несправядівай улады не стала. Івашкевіч лічыў, што для гэтага трэба звяртацца да народа. Без кантакту з простымі людзьмі, рабочымі немагчымыя змены. Калі апошні раз з ім бачыліся, то хворы ён дзяліўся сваімі планамі выхаду на заводы. Спадзяюся, тое, чаму Івашкевіч прысвяціў увесь свой жыццёвы шлях, усё ж спраўдзіцца».

Франак Вячорка: З Івашкевічам нястрашна было ісці на Плошчу


Моладзевы актывіст, журналіст Франак Вячорка пра Віктара Івашкевіча, які памёр сёння пасля доўгай хваробы.
«Маральны, адважны, паслядоўны, прынцыповы, дэмакратычны і заўжды прабеларускі - гэта ўсё Віктар Івашкевіч. Без яго не было б масавых акцыяў 1990-2000-х, не было б Фронту і Моладзі БНФ, не было б таго руху супраціву. З ім было нястрашна ісці на Плошчу, сядзець у пастарунках.
Нават калі ўсіх адольвала апатыя, Івашкевіч не даваў раскісаць, збіраў усіх разам, уздымаў настрой і мы зноў дзейнічалі.
Пакуль многія нашыя палітыкі пазавалі перад фотакамерамі, спадар Віктар сядзеў, складаў улёткі, абыходзіў кватэры, здабываў мэгафоны і рыхтаваў чарговае шматтысячнае шэсце. Каго-каго, а разам з ім дэмакратычная апазіцыя і беларускі рух страцілі лідара і арганізатара».
nn.by