«Мы ўсе рускія людзі». Як вайна падзяляе беларускія сем'і
У 2020 годзе ўзурпацыя ўлады і гвалт сілавікоў падзялілі на часткі беларускае грамадства. Але па-сапраўднаму хто ёсць хто паказала вайна Расіі ва Украіне. «Салідарнасць» паразмаўляла з беларусамі пра тое, як змяніліся іх стасункі з блізкімі пасля 24 лютага 2022 года.
Мінчанцы Веры 35, у Беларусі з родных у яе мама і брат, а астатнія сваякі жывуць у падмаскоўным Падольску.
— Блізкіх стасункаў у нас з імі не склалася, хіба што з дзядзькам Валодзем — гэта стрыечны брат майго таты-нябожчыка, у дзяцінстве яны вельмі шмат часу праводзілі разам у бабулі ў вёсцы пад Пінскам. Па той лініі ў нас больш родных няма, але ў мяне засталіся цёплыя дзіцячыя ўспаміны: калі ён прыязджаў, то абавязкова ўспаміналі разам з бацькам нейкія пацешныя гісторыі на паляшуцкім дыялекце, спявалі ўкраінскія песні — «Рідна мати моя», «Дивлюсь я на небо».
У мінулым маі ён прыязджаў у Беларусь, таму што ў яго былой школе перанеслі праз кавід на канец вясны вечар сустрэчы выпускнікоў. Ну і потым зазірнуў да нас у госці. Пасядзелі з тортам, спыталі, як сустрэча, кажа, маўляў, добра, але некаторыя «несвядомыя» не прыехалі, сказалі: «Якія могуць быць святы, калі вайна ідзе».
Я сказала, што ўвогуле згодная. І тут ён як завёўся, што не вайна, а «спецаперацыя супраць нацыкаў», і гэта я, маладая, нічога не разумею, а ён жыццё пражыў і ўсё бачыў, і нібыта яшчэ падчас яго маладосці ў Львове дрэнна ставіліся да рускамоўных, а ўжо зараз з падачы NATO і ЗША ва Украіне махровым колерам квітнее нацызм, і дзе мы такія разумныя былі восем гадоў, пакуль бамбілі Данбас — увогуле, увесь набор прапагандысцкіх штампаў і лозунгаў Салаўёва.
«Дзядзь Валодзь, — спытала я, — ты ж ва Украіне 30 гадоў таму быў, ты разумееш, што там зусім іншыя людзі, іншая краіна цяпер?». — «Вядома, — кажа, — разумею, пасля Майданаў набраліся ўсялякіх еўрапейскіх талерантных каштоўнасцей і ў NATO запрасіліся, і калі б Пуцін першым не ўдарыў, Украіна напала б».
Мы з мамай дзе стаялі, там і селі, асабліва калі ён заявіў, што «мы ўсе — рускія людзі, і перад пагрозамі з Захаду зноў павінны быць адзіныя». Так жудасна было пачуць ад чалавека, пра якога памятаеш, што спяваў ўкраінскія народныя песні, вось гэта агрэсіўнае «Мы рускія людзі!».
Тут трэба яшчэ дадаць, што дзядзька Валодзя больш за дзесяць гадоў працуе ў міжнародных грузаперавозках, у прыватнасці, на Фінляндыю і Эстонію. І яго ні кропелькі не бянтэжыць, што нібыта вайна ідзе з NATO, а ён зарабляе ў краіне NATO — наадварот, ён лічыць, што вывозіць у праклятых капіталістаў валюту і падтрымлівае расійскую эканоміку.
Увогуле мы тады добра пакрычалі адно на аднаго, ён сышоў са словамі, што яму за мяне сорамна, а потым маме ў вайберы пачаў усялякія прапагандысцкія ролікі і лозунгі дасылаць, давялося заблакаваць. Цяпер яны камунікуюць на ўзроўні «павіншаваць з Днём нараджэння ў сацсетках», а я зрабіла яшчэ пару спроб дастукацца, але зразумела, што гэта бессэнсоўна, і «самавыпілілася» з усіх абмеркаванняў.
У мяне ў галаве доўга не ўкладвалася, як чалавек апраўдвае і горача падтрымлівае агрэсію супраць мірных людзей, а нядаўна паглядзела нарэзку з інтэрв'ю Дудзя з Кучэрам — і як быццам зноў пачула дзядзьку. Аказваецца, гэта распаўсюджаны тыпаж сярод тых, хто верыць тэлевізару. Але ўсё роўна вельмі балюча ўсведамляць, што такая добраахвотная ахвяра прапаганды — адзін з нямногіх тваіх родных людзей.