«Мне страшна, сыну таксама», — маці падлетка, збітага і зняважанага амапаўцамі
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску пачнецца разгляд справы падлеткаў, збітых і зняважаных амапаўцамі ў ліпені гэтага года.
Раней непаўналетні Аляксандр у прысутнасці бацькоў расказаў “Радыё Свабода”: акрамя пабояў, міліцыянты пагражалі яму сексуальным гвалтам і памачыліся на твар. Тым часам следства сцвярджае, што юнак сам збіў супрацоўніка АМАП.
17-гадовага Аляксандра Харуту абвінавачваюць паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Паводле Следчага камітэту, хлопец «нанёс старэйшаму прапаршчыку міліцыі Шарко А.В. не менш за адзін удар кулаком у вобласць галавы». Гэта адбылося ўвечары 18 ліпеня, калі Аляксандра і яго сябра Мікіту праваахоўнікі затрымалі за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы і павезлі аўтазакам у Цэнтральны РУУС Мінску.
Па дарозе Сашу стала кепска, і ён узняўся з лаўкі, каб папрасіць спыніць машыну. У гэты момант аўтазак рэзка павярнуў, і Саша схапіўся за міліцыянта, каб не ўпасці. Гэта было ўспрынята амапаўцам Шарко як спроба затрыманага аказаць супрацьдзеянне. Падлетак кажа, што пасля гэтага пачалося збіццё: павалілі на падлогу, пачалі біць, паставілі нагу на галаву і, верагодна, справілі натуральную патрэбу проста яму на твар.
«Яны таксама казалі: зараз мы цябе „апусцім“», — дадае Аляксандар.
Напярэдадні суду “Радыё Свабода” звязалася з маці хлопца:
— На днях я паехала ў суд па дакументы, і там мне паведамілі дату і час пасяджэння. Пасля сын забраў позву. Што сказаць... Мне страшна, майму сыну таксама. Ён знаходзіцца ў прыгнечаным настроі. Больш нічога не магу дадаць, — паведаміла жанчына.
Хоць тым вечарам, калі адбыўся інцыдэнт, Аляксандр і Мікіта былі разам і, паводле іх, разам пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў міліцыянтаў, у выніку Мікіта быў пераведзены ў статус сведкі. Бацька Мікіты распавёў карэспандэнту Свабоды:
— Так атрымалася, бо менавіта Саша, а не мой сын, падняўся з лаўкі падчас руху аўтазаку. Таму на судзе ён выступіць як сведка абароны. У першых паказаннях Мікіта сведчыў, што не бачыў, куды канкрэтна трапіў удар, а ў іншых, дадзеных у маёй прысутнасці, ён сказаў, што ягоны сябар нікога не біў.
На наступны дзень пасля выпадку хлопцы самі падалі заяву ў СК аб неправамерным прымяненні міліцыянтамі фізічнай сілы і прыніжэнні, аднак атрымалі адмову, і адпаведная справа на АМАПаўцаў не была распачатая. У Галоўным упраўленні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму правялі праверку, падчас якой не выявілі ў дзеяннях супрацоўнікаў АМАПа парушэння дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронца Павал Сапелка пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв’ю “Свабодзе”:
— Незалежна ад таго, ці з’яўляюцца непаўналетнія вінаватымі, жорсткае, бесчалавечнага абыходжанне ў дачыненні да іх недапушчальнае. Цяпер мы спадзяёмся, што цягам пасяджэння суд атрымае справядлівыя доказы. Мяркуецца, бацькі падлеткаў пададуць касацыйную скаргу, і факт супрацьпраўных дзеянняў міліцыі зможа быць вылучаны ў асобную судовую справу.
***
Злачынства паводле артыкулу 364 КК РБ караецца арыштам тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды да пяці гадоў, альбо пазбаўленнем волі тэрмінам да 6 гадоў.