Леанід Заіка: Лукашэнку можа здаць наменклатура

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што цяпер існуючая ўлада доўга на дубінках не пратрымаецца, і ўскладае вялікія надзеі ў змене сітуацыі на наменклатуру.

zaiko_22_1.jpeg


— Цяпер Беларусь знаходзіцца на раздарожжы: альбо пайсці па тупіковым шляху «палачнага дыялогу і развіцця дубінкамі і шумавымі гранатамі», альбо перайсці ў фазу інтэлектуальна развітога ўзаемадзеяння. Трымацца на дубінках доўга не атрымаецца, наменклатура ўсё-ткі яго (Лукашэнку) здасць, — цытуе эксперта «Салідарнасць».

— Я ўпэўнены, што ў Беларусі адбудзецца наменклатурны пераварот, і ён цяпер ініцыюецца вуліцай. Гэта значыць сама прыхільнасць да таго, каб зрушыць Лукашэнку, змяніць уладныя структуры, яна падштурхоўвае наменклатуру. Ад таго, наколькі аўтарытэтныя людзі будуць запрашаць да дыялогу, залежыць тое, як усё будзе адбывацца, — лічыць эксперт.

Пры гэтым ён адзначае, што ўсіх палітычных апанентаў Лукашэнка знішчыў, і называе гэта яго «стратэгічнай памылкай».

— Монакратызм і аўтарытарнае праўленне прывялі да таго, што ў Лукашэнкі ў якасці спарынг-партнёраў засталіся толькі людзі з вуліцы, тыя, хто ніколі не думаў і не хацеў быць у палітыцы.

Палітычных лідараў, партыі і рухі трэба падтрымліваць, трэба ствараць у краіне эліту, якая будзе адказная за развіццё краіны, той палітычны пласт, які ўключае ў сябе адукаваных людзей. А ён (Лукашэнка) цяпер стаіць адзін «у пустэчы», і ў яго адбываецца каласальная псіхалагічная ломка. У тым ліку і ад таго, што ён пераканаўся: усё ж такі яго не любяць, — разважае Леанід Заіка.

Ён упэўнены, што будучыня краіны за парламенцкай рэспублікай.

— Будучыня Беларусі ў сферы палітычнай структурызацыі — гэта парламенцкая рэспубліка, пры гэтым парламент стане дастаткова эфектыўным заканадаўчым органам, які будзе працаваць прафесійна, — адзначыў эксперт.