Кошты на маскі і санітайзеры ў Беларусі будуць рэгуляваць да 4 кастрычніка
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) падоўжыла да 4 кастрычніка дзяржрэгуляванне коштаў на маскі і дэзінфекцыйныя сродкі, паведамляе Еўрарадыё.
Рашэнне прынятае пастановай №47 ад 13 ліпеня 2020 года, якая афіцыйна апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пад гэтую меру трапілі як медыцынскія маскі, так і антыбактэрыяльныя ды абеззаражвальныя сродкі, у тым ліку гелі і спрэі. Выключэнне склалі сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны, а таксама ў прамысловых, ветэрынарных і сельскагаспадарчых мэтах.
Рэнтабельнасць вытворцаў такіх тавараў абмежаваная 10%, імпарцёраў — таксама 10%. Максімальная аптовая надбаўка да адпускной цаны не можа складаць больш за 15%. Такой жа велічыні павінна быць і максімальная гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай).
Пастанова набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 7 ліпеня.