Колькі набіраць студэнтаў, будуць вырашаць не ВНУ, а Мінпрацы і Мінэканомікі

Лічбы прыёму студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі цяпер будуць вызначаць не самі навучальныя ўстановы і не Міністэрства адукацыі, а супольна Міністэрства працы і Міністэрства эканомікі.

Ілюстрацыйнае фота. Сэлфі на «дыване для рэктара» пад уваходам у галоўны корпус БДУ. Студэнцкі марш «Каханне і салідарнасць» 2 снежня 2015 года.

Ілюстрацыйнае фота. Сэлфі на «дыване для рэктара» пад уваходам у галоўны корпус БДУ. Студэнцкі марш «Каханне і салідарнасць» 2 снежня 2015 года.

Пра гэта заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» віцэ-прэм’ер Васіль Жарко.

Паводле Жарко, рэктарам, якія да сённяшняга дня вызначалі, колькі браць студэнтаў, «было выгадна, чым больш у яго студэнтаў, чым больш у яго платнікаў», а гэтыя лічбы «павінна вызначаць эканоміка».

«Калі мы падвысім прахадныя балы ў ВНУ, то паступяць тыя, хто павінен вучыцца, — дадаў Жарко. — Няма штучнай задачы скараціць вышэйшую адукацыю, але яна павінна быць для падрыхтаванага чалавека».

Наборы ў ВНУ ўжо змяншаюцца, кажа Жарко: у 2017 годзе ў ВНУ паступіла на 7% меней, чым летась, але больш людзей паступіла ў прафесійна-тэхнічныя вучэльні і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. Зніжаць наборы ў ВНУ Жарко прапаноўваў 15 жніўня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Таксама Жарко працягвае даводзіць, што ў Беларусі варта вярнуцца да 5-бальнай сістэмы адзнак. На сустрэчы з Лукашэнкам ён казаў, што ў цяперашняй 10-бальнай цяжка вызначыць розніцу між «суседнімі» адзнакамі. Але тлумачэнні значэння адзнак зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, а праблема з адзнакамі можа быць не ў колькасці балаў у сістэме, а ў «планах росту паспяховасці».

www.svaboda.org