Спыніцеся! Адчапіцеся ад адукацыі!

Шкада дзяцей, шкада бацькоў, шкада настаўнікаў… Прыкладна так можна ахарактарызаваць становішча ў нашай сістэме адукацыі. Усё таму, што чыноўнікі папросту не могуць спыніцца. Наша сістэма адукацыі застанецца здаравейшай, калі ўсе ініцыятывы, выказаныя на нарадзе, папросту сабатаваць.

Кадр з кліпа Pink Floyd "The Wall"

Кадр з кліпа Pink Floyd "The Wall"

Адукацыя — гэта такая сфера, якая працуе на будучыню. Вынікі яе працы нельга пабачыць адразу, і нават праз год. І нават праз два гады. Яны становяцца збольшага бачныя хіба тады, калі былы школьнік заканчвае ВНУ альбо іншую навучальную ўстанову. І тады ўжо бачна, ці дала яму школа тыя веды, якія яму былі патрэбныя. Ці скіравала яго ў патрэбным жыццёвым напрамку? Ці надала прагу вучыцца і развівацца далей?

Што ж тычыцца беларускай сістэмы адукацыі, то я нават не ведаю, як можна ацаніць яе эфектыўнасць. Усё таму, што чыноўнікі ад адукацыі вельмі прагнуць нешта рабіць. Прычым, рабіць, не зважаючы на канчатковы вынік. Бо заробак іх, падаецца, залежыць не ад выніку, а ад нібыта зробленай працы.

Мы ўжо пісалі, напрыклад, пра стандарт школьнай формы, які павінен быць распрацаваны і ўведзены з гэтай зімы. На гэтым жа тыдні Аляксандр Рыгоравіч запатрабаваў увесці той стандарт з 1 верасня. То бок, праз два тыдні. «Формула адна: каб 1 верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны павінны быць апранутыя ў чорна-белыя фартушкі, гольфы або сукеначкі. А каб не вылучаліся дзеці з сем'яў, якія не так багатыя сёння. Мы павінны апрануць годна да 1 верасня ўсіх дзетак», — запатрабаваў Лукашэнка.

Канешне, узнікае пытанне, чаму чыноўнікі, якія прысутнічалі на нарадзе ў правадыра краіны, не паведамілі пра тое, што гэтае пытанне за два тыдні не вырашыш — беларускі легпрам папросту надарвецца, спрабуючы пашыць за чатырнаццаць дзён школьную форму для мільёна з гакам навучэнцаў. Чаму не расказалі яму пра маючы адбыцца стандарт? І калі яны маўчаць, не наважваючыся выказаць свае думкі, сваё бачанне сітуацыі і праблемы ды спосабы яе вырашэння, — чаму яны могуць навучыць нашых дзяцей? Таксама маўчаць і не мець уласнага меркавання?

Цытата Лукашэнкі мне таксама нагадала і анекдот пра ўнучку дзекабрыста, якая распытвала ўдзельнікаў кастрычніцкага перавароту 1917 года, чаго ж дамагаюцца рэвалюцыянеры. Ёй адказвалі — каб не было багатых. «А мой дзед хацеў, каб не было бедных», — расчаравалася яна.

У фразе кіраўніка дзяржавы пра дзяцей і сем’і, якія «не так багатыя», — якраз квінтэсенцыя беларускай эканамічнай палітыкі. Усе павінны быць роўныя, хоць і ў жабрацтве. Галоўнае — каб не вылучаліся.

Але гэта ж тычыцца не толькі дзетак! У высокіх кабінетах задумаліся пра тое, каб апрануць у школьную форму яшчэ і настаўнікаў! Маўляў, чаму дзеці павінны вытрымліваць «дзелавы стыль», а для настаўнікаў гэты дрэс-код неабавязковы?

Сапраўды, чаму? Давайце пераапранем у гарнітур фізрука — хай пабегае крос у пантофлях. Пераапранем і настаўніка працоўнага выхавання — хай ён у дзелавым гарнітуры пакажа дзецям, як карыстацца рубанкам альбо зубілам. А настаўніца хіміі хай праводзіць вопыты з сернай кіслатой у пантофлях на платформе, і ні ў якім разе не ў белым халаце!

Школа не мусіць стаць казармай. Вучыцца павінна быць не толькі цікава, але і зручна. А калі ў школе будуць дбаць толькі пра тое, каб усе былі аднолькавыя… Такога ўсё роўна не будзе — не спадзявайцеся. Папросту таму, што ўсе людзі — розныя.

Але галоўнае — нават не школьная форма. Новы міністр адукацыі раптам пачаў казаць, што яго не задавальняе ўведзеная ўсяго дзесяць гадоў таму дзесяцібальная сістэма ацэнкі. «Шмат пытанняў ёсць па дзясяцібальнай сістэме. Гэта часам бывае і суб’ектывізм у ацэнцы. І ў нас няма нездавальняючай адзнакі. Таму што адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў. Раней разумелі: адзінка, двойка — гэта нездавальняючыя адзнакі. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці. Можа быць, і вярнуцца да пяцібальнай сістэмы. Каб кожны разумеў: чатыры — значыць, чатыры. Пяць — значыць, выдатнік. Няма суб'ектывізму. Што такое 4 з мінусам, 4 і 4 з плюсам — 6, 7, 8. Дзе мяжа паміж шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай?» — заявіў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко па выніках рабочай сустрэчы з Лукашэнкам.

Выбачайце, калі віцэ-прэм’ер не разумее такіх простых рэчаў — трэба гнаць яго ў шыю. За трызненне. Па-першае, суб’ектывізм у ацэнках будзе прысутнічаць заўсёды, і не трэба гэтага палохацца. Бо настаўнік лепш ведае вучня, чым віцэ-прэм’ер. І часам можа паставіць яму вышэйшую адзнаку, каб ацаніць яго намаганні альбо заахвоціць працаваць далей. Па-другое, якой бы ні была шкала адзнак — пяцібальная, дзесяцібальная, дванаццацібальная, «кол» — гэта заўсёды «кол».

І тут таксама мы пераходзім на больш важныя праблемы. Чаму ў нас з эканомікай так кепска, чаму мы не можам выкараскацца з крызісу? Зараз зразумела: таму што нашы высокія чыноўнікі (а віцэ-прэм’ер, дэ-факта — трэцяя асоба ў краіне!) не бачаць розніцы паміж «шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай».

Прапаную пры конкурсе на такую высокую пасаду даваць прэтэндэнтам задачкі па матэматыцы для першага класа. Каб яны паставілі паміж шасцёркай і сямёркай знакі «больш», «менш» альбо «роўна».

І трэба яшчэ нагадаць спадару Жарко: у нас дванаццацігадовая сістэма навучання. Калі зараз вярнуцца да савецкай сістэмы адзнак, то сённяшнія выпускнікі проста ашалеюць. Яны ўсё жыццё карысталіся дзесяцібальнай, а зараз будуць разбірацца ў «чацвёрках з плюсам». Віцэ-прэм’ер хаця б уяўляе, колькі давядзецца разграбаць скаргаў на той самы «суб’ектывізм», калі адзнака ідзе ў атэстат?

Не ўяўляе, таму што скаргі будзе разграбаць не ён.

І напрыканцы наш торт шчодра пасыпаны разнастайнымі «вішанькамі». Наш віцэ-прэм’ер плануе скарачаць колькасць навучальных месцаў у ВНУ — таму што людзей з вышэйшай адукацыяй у два разы больш, чым з сярэдняй ці сярэдне-спецыяльнай. Плануецца скараціць і колькасць саміх ВНУ: «У краіне 51 ВНУ. З іх 9 — прыватнай формы ўласнасці і 42 дзяржаўныя. І я разумею, што іх, напэўна, для нашай невялікай краіны шмат», — лічыць Жарко. Плануецца, што завочная форма навучання стане ці не цалкам платнай. Прычым, для выпускнікоў сярэдніх школ — толькі праз год стажу працы, «каб выпускнік меў навыкі і разумеў, на каго ён ідзе, каб нейкая спецыяльнасць ужо была абраная».

Нічога, што выпускнікі сярэдніх школ, якія не паступілі ў ВНУ, амаль адразу ідуць у войска? Які год стажу працы?

Выбачайце, але наша сістэма адукацыі, якой бы яна ні была, застанецца здаравейшай, калі ўсе ініцыятывы, выказаныя на прэзідэнцкай нарадзе, папросту сабатаваць.