Клопат, якога мы не разумеем
Калі з краіны з’язджае кіраўнік — чакай непапулярных захадаў. Пра гэта ўжо неаднаразова пісалася і казалася. Гэты раз таксама не стаў выключэннем.
У Сочы Лукашэнка адляцеў на дзень: сустрэцца са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. А яшчэ кіраўнік Беларусі, згодна з паведамленнем ягонай прэс-службы, «апрабаваў гарналыжныя трасы». Яму так спадабалася, што ён «прыняў рашэнне застацца ў Сочы на кароткачасовы адпачынак». Колькі будзе доўжыцца кароткі час, сціпла не паведамляецца.
Як толькі пра гэта даведаліся чыноўнікі, яны адразу ж пачалі бурную дзейнасць па чарговым выцісканні грошай з насельніцтва.
Гэтым разам пад раздачу патрапілі аматары аўто. Урад павысіў стаўкі аўтамабільнага ўтылізацыйнага збору. І не абы як, а адразу ў восем разоў.
Зараз за ўвоз аўтамабіля не старэйшага за тры гады незалежна ад аб'ёму рухавіка для асабістага карыстання грамадзянамі з тэрыторыі дзяржаў ЕАЭС неабходна будзе заплаціць 4,95 мільёна рублёў. Калі аўтамабіль старэйшы за тры гады — 7,425 мільёна рублёў.
Прычым, урад не саромеючыся кажа: так, гэта спроба вытрасці грошы з заможных. Як патлумачыла прэс-служба Саўміна, гэты захад найперш дазволіць «павялічыць паступленне грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт», а ўжо потым «дасць магчымасць удакладніць і спрасціць дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, звязанае з выплатай утылізацыйнага збору».
Як павышэнне збору ў 8 (восем!) разоў «удакладняе і спрашчае дзейснае заканадаўства» — пра гэта маўчок. Пэўна, чым прасцей напампаваць бюджэт і выплаціць заробкі чыноўнікам — тым прасцей заканадаўства.
Увогуле, утылізацыйны збор на аўто, як і іншыя «забараняльныя» падаткі ў гэтай сферы — рэч дзіўная. Саўмін, не саромеючыся, кажа: пастанова прынятая з мэтай «па ўрэгуляванні ўвозу транспартных сродкаў з дзяржаў — сябраў ЕАЭС». Зразумела, калі такое робіць Расія ці Украіна: тым самым яны абараняюць свой аўтапром. Але што рэгуляваць у нас, калі ў нас няма сваёй вытворчасці легкавікоў? У нас усе машыны — іншамаркі і ўвозяцца з-за межаў краіны! Які рынак мы рэгулюем і абараняем?
Ніякі. Таму і падвышэнне ўтылізацыйнага збору — гэта яшчэ адзін «параўнальна сумленны спосаб ад’ёму грошай у насельніцтва», якімі так знакаміты быў Астап Бэндэр.
Ёсць і радасныя навіны тыдня. Самая радасная — беларусаў аніякая зараза не бярэ. Як паведамляюць СМІ, ва Украіне афіцыйна пацверджана 155 выпадкаў смерці, звязаных са свіным грыпам, у Расіі — 126. Як мінімум два ачагі гэтай хваробы зарэгістраваныя ў Польшчы. У нас грып Н1N1 выяўлены прыкладна ў 40 чалавек. Але выпадкаў гібелі не зафіксавана, паведаміла БелаПАН галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Медыкі ацэньваюць сітуацыю з распаўсюджваннем грыпу як спакойную, адзначыла спецыяліст, і тлумачаць гэта перш за ўсё высокай удзельнай вагой жыхароў Беларусі, якія зрабілі прышчэпкі, — прыкладна 40%. Чым больш прышчэпленых, падкрэсліла Карабан, тым мацнейшы калектыўны імунітэт, дзякуючы якому не хварэюць і непрышчэпленыя людзі.
Гэта ўсё таму, што хварэць у Беларусі — занадта дорага. Калі няма чым плаціць за лячэнне, людзі і хварэць не будуць — такая логіка ўлады. І чыноўнікі ўсяляк гэта падтрымліваюць, зразумела ж, клапоцячыся пра здароўе сваіх грамадзянаў. Напрыклад, 1 лютага Брэсцкі гарвыканкам забараніў пікет супраць павышэння цэн на медыцынскія паслугі.
Як паведаміла БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Людміла Дзянісенка, мэтай акцыі было прыцягнуць увагу да пастановы Мінздароўя, на падставе якой з 7 студзеня павышаныя тарыфы на паслугі па дыягностыцы, прафілактычным і абавязковым медыцынскім аглядах грамадзян. Пастанова, на думку заяўнікаў, супярэчыць Канстытуцыі, артыкулу 45 якой гарантуе грамадзянам права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.
Мясцовыя ўлады забаранілі акцыю, бо ў заяўленым месцы ў цэнтры горада правядзенне падобных мерапрыемстваў «не прадугледжана».
Так што беларусы будуць яшчэ менш хварэць.
Самае дзіўнае, што пры такой любові да народа нашы чыноўнікі застаюцца ў самоце. Яны клапоцяцца і пра здароўе беларусаў, і пра навакольнае асяроддзе, і гэтак далей — а іх усё роўна ніхто не любіць. Прыкра і сумна.
Таму ў адным з раёнаў Мінска бацькам прапанавалі зрабіць разам з дзецьмі «валянцінкі» для дзяржаўных дзеячаў. Прапанаваны спіс асобаў для «напісання валянцінак кумірам» апублікаваў у сацыяльнай сетцы Фэйсбук бацька аднаго з школьнікаў, Кастусь Лісецкі, а СМІ гэты спіс растыражавалі. Прычым, Лісецкі ў каментары "Радыё Свабода" адзначыў, што гэта не фэйк, спіс яму даслала класная кіраўніца, і больш за тое, гэта будзе «раённы конкурс валянцінак».
Зразумела, першым у спісе ідзе Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч. Топ-5 самых самотных і абдзеленых ласкай чыноўнікаў: прэм’ер Андрэй Кабякоў, ягоная намесніца Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец і ягоны намеснік Ігар Бузоўскі, і пяты чамусьці — памочнік Лукашэнкі па пытаннях фізкультуры, спорту і турызму Максім Рыжанкоў.
У дзясятку адзінокіх сэрцаў патрапілі Міхаіл Мясніковіч, Лідзія Ярмошына і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Міністр працы Марыяна Шчоткіна на 11-м месцы, намесніца міністра культуры Ірына Дрыга крыху самотнейшая за міністра інфармацыі Лілію Ананіч — 14 і 15 месцы адпаведна.
Мужыкі, 14-га лютага вельмі хутка! Пашкадуйце хаця б жанчынак ва ўладзе! Дашліце ім валянцінку!