«Каток Імперыі», хто каму вінаваты і пахаванне без цені суму

Хочацца сказаць пару словаў у адказ аўтару артыкула пра «каток Імперыі», які «раздушыць кожнага, хто стане ў яе на шляху». Хто ж ён, той каток? Што мы вінныя той Імперыі? Што бывае з тымі, хто стае ў яе на шляху?..

na_halounuju_karcinku.jpg


Не памятаю імя аўтара артыкула з гучнай назвай «Беларускі баланс, або Шпагат Лукашэнкі», які з’явіўся на сумна вядомым сайце Regnum. Здаецца, Халдзей, але ці гэта імя, ці прозвішча, ці нацыянальнасць — сказаць цяжка. У самым артыкуле нічога новага няма: мроі дыякана прыхадской царквы пра пазаўчорашні дзень, развагі пра тое, што Беларусь Імперыі вінаватая на векі вечныя, ну і пра каток, альбо …пра катка — каму як падабаецца.
«Байка пра катка» сцвярджае, што мы, беларусы, вінаватыя Імперыі на векі вечныя: за заводы, эканоміку, камфортнае жыццё ў Саюзе, крэдыты апошніх дваццаці год. Але няўжо Імперыя нам нічога не вінная? Хто засвойваў і вывучаў бяскрайнія прасторы Сібіры? Беларусы. Хто ламаў хрэбты на «сталінскіх будоўлях» зусім не па сваёй волі? Беларусы. Дык мо’ і нам час за гэта прад’яўляць рахунак? І не факт зусім, што акурат мы застанемся вінаватымі, а не наадварот.
Што ж тычыцца крэдытаў апошніх 20 год, дык хто сказаў, што яны былі дадзеныя за нішто? Беларусь гадамі стаяла на праімперскіх пазіцыях, галасавала за Імперыю на ўсіх узроўнях, трывала моўны дысбаланс, помнікі Леніна, кампартыю і г.д. Няўжо ўсё гэта за так? Ды не, вы што. Імперыя плаціла за лаяльнасць да яе самой, за моцны абязбольваючы для сваіх застарэлых імперскіх боляў. Ну і хто каму вінаваты? Разлічыліся ж!

belarus_cat_and_russia_cat_by_canadianwannabe1_d3gwj7w.jpg


Каток, зразумела, не такі пухнаты і ласкавы, як некаму падаецца. Але кожны, хто вырываўся нават за апошнія 100 год з ягоных кіпцюроў, атрымаў шанец. Большасць з яго скарысталіся: Фінляндыя, Польшча, Латвія, Эстонія... Здаецца, назад яны не хочуць.
Каток, канешне, часам паказвае пазуры, не адпускае ці нават нападае. Так было з Каўказам у 1990-я, з Украінай у 2014-м. Але хто з таго атрымаў, а хто страціў? Імперыя зараз плаціць дань Каўказу — грашыма, а раней наогул жыццямі сваіх грамадзянаў. Спрэчнае пытанне, хто сёння каго скарыў: Імперыя Каўказ альбо Каўказ Імперыю. Каб пераканацца, дастаткова зірнуць на фота са сталіцы Імперыі падчас буйных мусульманскіх святаў.
З Украінай — тое самае. У выніку анэксіі Крыму і вайны на Данбасе Імперыя атрымала эканамічны накаўт у выглядзе санкцыяў Захаду. І што, каштавала таго? Альбо нехта думае, што Данбас і Крым на роўных правах уліліся ці пераўтварыліся ў Імперыю? У нешта пераўтварыліся, але дакладна не ў тое, пра што мроілі тыя, хто крычаў: «Пуцін введзі…»

myszy_haronjac_kata___sjuzet_ruskaha_lubka.jpg


…Быў некалі ў Масковіі такі жанр: лубок. Нешта сярэдняе паміж коміксам ды інстаграмам, адно, што часоў Рускай Смуты ды Аляксея Міхайлавіча. Лісткі з карцінкамі. Сярод іншых прыўкрасных сюжэтаў, там быў наступны: мышы хаваюць ката — шэрыя звяркі з помпай і даволі весела цягнуць цела вялізнай пачвары (вобраз ката лічыўся сатырай на вусатага Пятра І, які забараняў бароды). Вось так, каточак: часам і тыя, каго ты душыў стагоддзямі, калектыўна пасля цябе праваджаюць у апошні шлях.