Каля 200 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся на плошчы ў Брэсце
На плошчы Леніна ў Брэсце 23 снежня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
У 12.30 на плошчы, па дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, знаходзілася 220 чалавек, якія абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
У 11:30 на сцэне, размешчанай на плошчы, пачаўся конкурс навагодніх віншаванняў школ Ленінскага раёна. Таму праціўнікі будаўніцтва завода, якія спачатку сабраліся ў цэнтры плошчы, перамясціліся на яе край, да помніка Леніну. Яны патлумачылі, што не жадаюць быць масоўкай на школьным свяце.
Адзін з праціўнікаў будаўніцтва прыйшоў на плошчу ў роставай ляльцы ваўка. Ён раздаваў дзецям шары і цукеркі, фатаграфаваўся з імі. Міліцыя яго ня затрымала.
У сувязі з гэтым людзі нагадалі, што 11 лістапада на плошчы быў затрыманы праціўнік будаўніцтва завода ў роставай ляльцы ліса. У яго канфіскавалі касцюм, які да гэтага часу не вярнулі.
Людзі, якія сабраліся, абмеркавалі планы па правядзенні мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 21 снежня ў Брэсцкі райвыканкам была пададзена заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва.
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы выказалі надзею, што ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная. Жыхар Брэста Анатоль адзначыў, што калі група не будзе зарэгістраваная, гэта можна будзе разглядаць як «поўнае беззаконне».
Удзельнікі сустрэчы таксама ўпэўненыя, што супраць завода ў ходзе рэферэндуму, калі ён адбудзецца, прагаласуе абсалютная большасць мясцовых жыхароў.
Як лічыць жыхарка Брэсцкага раёна Таццяна, гэты рэфэрэндум дазволіць мясцовай улады «годна выйсці з гэтай сітуацыі».
naviny.by