Яшчэ адна смерць у Беларусі сярод прымусова вывезеных расійцамі ўкраінцаў

Грамадзянка Ўкраіны памерла ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Беларусі праз тры месяцы пасьля прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі зь Кіеўскай вобласьці ў Беларусь.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павел Хадзінскі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павел Хадзінскі

Украінку, якой было 96 гадоў, расейцы прымусова вывезьлі ў Беларусь у сакавіку 2022 году з горада Барадзянка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

Як стала вядома «Свабодзе», у Беларусі яе перавезьлі ў горад Ветка Гомельскай вобласьці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. У чэрвені 2022 году ў выніку сардэчнай недастатковасьці яна памерла, і яе пахавалі на могілках у Ветцы. Ва Ўкраіне ў яе застаўся толькі ўнук.

У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуявацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену.

Расейскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі.

Праваахоўныя органы Ўкраіны па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калябарантаў.

Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласьці сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў датычна цывільнага насельніцтва.