Хто працуе ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі і за якія грошы яны выконваюць сваю працу?

Навіны пра тое, якім жудасным чынам з беларусаў, затрыманых «па палітыцы», здзекуюцца ў калоніях і турмах, не канчаюцца ўжо некалькі гадоў. «Белсат» высветліў, хто гэтыя людзі і за якія грошы, калі рэч усё ж у матэрыяльнай выгадзе, яны гатовыя працаваць на рэжым.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Каб зразумець, хто гэтыя людзі, якія ў турмах і калоніях здзекуецца з беларусаў, журналісты пагаварылі з былымі палітычнымі зняволенымі, якія адбывалі свае тэрміны ў самых розных месцах.

«Дзесьці праводзяць конкурс на садыстаў – і яго пераможцаў адпраўляюць працаваць у турмы»

«Быць нармальным у псіхалагічным плане чалавекам і працаваць у турме ці калоніі Беларусі – нерэальна», – запэўнівае Алена. Жанчына 1,5 года правяла ў СІЗА на Валадарскага.

Алена кажа, што працаўнікі там дзеляцца на дзве катэгорыі: або маўклівыя выканаўцы загадаў (такія, са словаў Алены, робяць сваю працу і ў выпадку чаго кажуць, што яны «па-за палітыкай»), або асобы, якія атрымліваюць задавальненне ад здзекаў з людзей.

З ёй згодная і другая суразмоўца, Таццяна, якую амаль два гады таму рэжым пазбавіў і свабоды, і паспяховага бізнесу ў Беларусі. У нейкі момант у ЦІП на Акрэсціна жанчына пачала думаць, што жывой адтуль яна можа не выйсці.

«Цягам некалькіх тыдняў нас трымалі ў камеры на чатырох чалавек, у якой адначасова былі 24 жанчыны! Пры гэтым 20 да нас падсялялі наўмысна. Гэта былі жанчыны, якія адпрацоўвалі свае парушэнні на сметніку. У асноўным – аліментшчыцы. Раніцай іх вывозілі на працу, а ўвечары вярталі назад – брудных і смярдзючых. Але нават яны ў нейкі момант сталі ставіцца да нас – палітычных – лепш, чым працаўнікі ЦІПу, – успамінае з болем Таццяна. – За 1,5 месяца мне ні разу не перадалі перадачы. Арыштавалі ў тонкіх белых спартовых штанах і лёгкай кофце. Праз некалькі дзён, седзячы пераважна на падлозе ў ЦІПе, я ператварылася ў падабенства чалавека. Было дзіка холадна, восень, і ў нейкі момант адна з гэтых аліментшчыц прынесла мне проста на сабе са звалкі шкарпэткі, якія адкапала ў смецці, і кофту. І я гэтаму была вельмі радая».

Таццяна кажа, што начамі жанчынам учынялі «шмоны» і будзілі па некалькі разоў:

«Там працаваў адзін садыст. Мабыць, каб нас канчаткова псіхалагічна дабіць, ён начамі на поўную гучнасць уключаў аўдыязапіс з крыкамі кацянятаў, з якіх здзекуюцца. Яны нема мяўкаюць і крычаць – і чуць гэта невыносна. Аднойчы я была там на мяжы. У мяне нават збіўся сардэчны рытм, я стала губляць прытомнасць. Нават пры гэтым мне не выклікалі хуткую дапамогу і не адвезлі ў шпіталь. Усё, што зрабіў мясцовы доктар, – на некалькі гадзінаў дамогся майго адсялення ў суседнюю пустую камеру і дазволіў паляжаць».

Яшчэ адзін наш суразмоўца – Антон. Са словаў 30-гадовага былога палітвязня, які адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі, нават «ціхіх выканаўцаў», якія не здзекуюцца там з людзей, назваць адэкватнымі вельмі складана.

«Добраахвотна хадзіць на такую працу ніводзін нармальны чалавек проста не зможа, – упэўнены Антон. – Большасці з іх адкрыта прамылі глузды і навялі на думку, што калі не яны ўсіх нас перасаджаюць у турму, то мы іх. У нас там быў адзін кантралёр. Ён прыязджаў працаваць вахтавым метадам, бо штатных працаўнікоў там увесь час не ставала. Ён заўсёды хадзіў у кофце з надпісам АМАП. Казалі, што ён калісьці марыў служыць у АМАПе, але яго не ўзялі.

Дык вось ён быў канкрэтным псіхам. Хадзіў з металічным ланцугом, якім удзень і ўначы біў па металічных дзвярах, каб зняволеныя не спалі і баяліся. Або распыляў газавы балончык у камеры, а потым назіраў за пакутамі людзей і рагатаў. Ну не могуць людзі рабіць такое дзеля заробку! А калі гэта так, то які ж гэта мусіць быць заробак!

Адчуванне, што дзесьці ў Беларусі праводзіцца конкурс садыстаў – і яго пераможцаў бяруць на працу ў беларускую пенітэнцыярную сістэму».

Глядзіце таксама

Здзекавацца з беларускіх вязняў прапануюць за 1300–1900 рублёў на месяц

Журналісты ўзяліся праверыць, за якія ж грошы людзі згаджаюцца працаваць у турмах і калоніях Беларусі. І ці сапраўды так шмат рэальна адданых рэжыму працаўнікоў пенітэнцыярнай сістэмы, як распавядаюць пра гэта прапагандысты.

Пошук у інтэрнэце адразу выдае сотні вакансіяў у турмах і калоніях Беларусі. Аказваецца, на некаторыя з іх Дэпартамент выканання пакаранняў не можа знайсці працаўнікоў месяцамі. Такія вакансіі можна знайсці нават на сайце praca.by.

З вакансіяў відаць, што часцей за ўсё шукаюць або кантралёраў, або начальнікаў атрадаў аддзелаў папраўчага працэсу – тых самых людзей, якія ўзаемадзейнічаюць непасрэдна са зняволенымі. Пры гэтым больш за ўсё вакансіяў цяпер вісіць у СІЗА № 2 у Віцебску і ў турме № 1 у Горадні. Шукаюць і ў іншых вобласцях. У бабруйскай ПК № 2, напрыклад, не стае псіхолага, якому гатовыя плаціць 1500–1900 рублёў. Віцебская «Віцьба» пазначае нават падрабязнасці рыхтавання будучых працаўнікоў. Так, напрыклад, указана, што кандыдатаў адпраўляюць на спецрыхтаванне на 12 тыдняў і ўвесь гэты час плацяць стыпендыю. Сярэдні заробак – 1300–1900 рублёў.

Вывучаем вакансіі больш падрабязна і шукаем тыя, дзе максімальна апісаныя ўмовы працы і магчымыя бонусы. Знаходзім вось што. У падзяку за адданую працу патэнцыйным працаўнікам адміністрацыяў калоніяў Беларусі амаль пад капірку абяцаюць квартальныя прэміі, матэрыяльную дапамогу, аднаразовую дапамогу на аздараўленне, а таксама льготную пенсію і крэдыты на жытло з выгаднай стаўкай 5 % гадавых (на агульных умовах банкі даюць грошы пад 14-15 % гадавых – рэд.). Кватэру абяцаюць пабудаваць за 3-5 гадоў працы на рэжым. Таксама абяцаюць аднаразовую грашовую ўзнагароду пры падпісанні другога кантракту або падаўжэнні яго на 5 гадоў. Пазначана, што выплаты могуць дасягаць 11 300 рублёў.

Крыніца: praca.by, скрыншот "Белсат"

Крыніца: praca.by, скрыншот "Белсат"

Цікава, што вышэйшая адукацыя ад кандыдатаў патрабуецца далёка не на ўсе пасады. Напрыклад, каб быць кантралёрам дзяжурнай службы або начальнікам атраду ў турме № 1 у Горадні, дастаткова проста сярэдняй адукацыі, узросту да 28 гадоў і адсутнасці судзімасці. Плаціць пры гэтым абяцаюць 1400–1700 рублёў. Дактары-тэрапеўты зарабляюць болей. Напрыклад, у шклоўскай ПК № 17 на гэтую пасаду прапануюць заробак да 2200 рублёў. Самыя вялікія заробкі мы адшукалі ў ПК № 12 у Воршы. Але там і свая спецыфіка: утрымліваюць асуджаных, хворых на актыўную форму туберкулёзу. За працу ў гэтай калоніі прапануюць 1780–2060 рублёў.

Крыніца: praca.by, скрыншот "Белсат"

Крыніца: praca.by, скрыншот "Белсат"

А вось для працы міліцыянтам – камандзірам атраду трэба ўжо вышэйшая адукацыя, добры стан здароўя і высокая псіхалагічная ўстойлівасць. Тых, хто пагодзіцца працаваць у магілёўскай ПК № 15, гатовыя нават да месца працы вазіць службовым транспартам і выплачваць грашовую кампенсацыю за найм жытла. Там, напрыклад, не стае начальніка атраду ва ўзросце да 27 гадоў, на заробак 1300 рублёў.

Атрымліваецца, працаваць у пенітэнцыярнай сістэме і ствараць зняволеным вось такія ўмовы, што апісалі нашыя суразмоўцы, беларусы гатовыя ў сярэднім за 500 долараў на месяц з улікам бонусаў у выглядзе трынаццатага заробку, адпачынку ў санаторыі і льготных крэдытаў на жытло.

Станам на 27 чэрвеня 2024 года, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларусь мае 1372 палітвязняў, а праваабаронцы працягваюць выяўляць і дакументаваць факты катаванняў і забароненых відаў абыходжання са зняволенымі ў месцах пазбаўлення волі.