Хронікі рэпрэсій за 11 кастрычніка

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек. Новыя палітвязні — гэта Максім Грэчкаедаў, Віктар Дзіброў, Аляксандр Патапаў, Вольга Кавалёва, Анастасія Савуляк, Сяргей Фісюк, Цімафей Шкуратовіч, Уладзімір Шурхаеў, Дзмітрый Янушкевіч, Філіп Федарэнкаў, Жанна Чарняўская. Цяпер, паводле праваабаронцаў «Вясны», у краіне 1352 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1648 палітычных зняволеных, хоць людзей, якіх затрымлівалі паводле палітычна матываваных спраў, насамрэч значна больш.

photo_2022_10_11_16_01_52.jpg

Беларускі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага. Паводле следства, група беларусаў, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы, «натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і прытрымліваючыся шаблонаў шавінісцкай ідэалогіі ўзброеных груповак суседняй краіны», скаапераваліся і стварылі полк імя Кастуся Каліноўскага.

Затрымалі пастара царквы «Новае пакаленне». Сяргей Паўлоўскі — адзін з заснавальнікаў руху «Шлях свабоды», які накіраваны на тое, каб дапамагаць нарка- і алказалежным людзям. Сілавікі ў сваім канале абвінавачваюць пастара ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Палітзняволеную Людмілу Рамановіч, асуджаную за слова «ўзурпатар», этапавалі ў гомельскую калонію.

У судзе Маларыцкага раёна 20 чэрвеня мясцовую актывістку Партыі БНФ Людмілу Рамановіч асудзілі на паўтара года калоніі. Яе абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) з-за ліста, які жанчына даслала ў Следчы камітэт. Падчас абвяшчэння абвінавачання высветлілася, што падставай для крымінальнага пераследу актывісткі з'яўляецца слова «ўзурпатар» з яе ліста ў СК.

Напачатку сакавіка 2022 года Людміла звярталася з лістом-пратэстам на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Тады жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.

29 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе судовая калегія разгледзела апеляцыйную скаргу і пастанавіла пакінуць прысуд Людміле без зменаў. Неўзабаве палітзняволеную этапавалі ў гомельскую калонію № 4.

Жыхара Магілёва Аркадзя Гуменнікава затрымалі ў цырульні за «распаўсюд фотаздымкаў БЧБ-сцяга ў сацсетках». Калі меркаваць па відэа сілавікоў, мужчыну затрымлівалі некалькі ўзброеных байцоў з магілёўскага ГУБАЗіКу і АМАПу, прычым зрабілі яны гэта ў цырульні. Там Гуменнікава павалілі з крэсла на падлогу.

Сына рэчыцкага актывіста асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за рэпосты навінаў пра расійскую агрэсію.

У Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд 33-гадоваму Дзмітрыю Шабетніку — сыну грамадскага актывіста з Рэчыцы Алега Шабетніка, які кіраваў гомельскай абласной філіяй грамадскай арганізацыі «Гавары праўду». Дзмітрыя судзілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне нацыянальнай варажнечы) за тое, што ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» даваў спасылкі на навіны пра расійскую вайсковую агрэсію супраць Украіны.

За ўдзел у пратэстах у Мінску затрымалі Аляксея Мікульчыка. Яго затрымліваюць не першы раз.

Аляксею Мікульчыку цяпер 37 гадоў. Ён быў актывістам некалькіх ініцыятываў у «нулявых». Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га мужчыну затрымлівалі пры разгоне намётавага гарадка (тады затрымалі больш за 500 чалавек). Пасля выбараў-2020 мужчына таксама сядзеў на сутках у Жодзіне. ГУБАЗіК пагражае яму крымінальнай справай за ўдзел у пратэстах 9 і 10 жніўня 2020 года.

За абразу загінулых лётчыкаў пенсіянеру прысудзілі тры месяцы арышту, але да суда ён адседзеў больш за пяць. Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда. А вось кампенсацыя за два «лішнія» месяцы пад следствам у такім выпадку заканадаўствам не прадугледжаная.

У Луніненцкім раённым судзе вынесены не зусім звычайны прысуд 60-гадоваму Сяргею Глівенку, абвінавачанаму ў абразе загінулых у Баранавічах лётчыкаў (арт. 369 КК). Перад пачаткам суда Глівенка выступіў з заявай, што ніякіх паказанняў даваць не будзе: «Я знаходзіўся па-за межамі Беларусі, у Маскве, і таму беларускае заканадаўства не парушаў. Сваёй віны не прызнаю. Мая віна нічым не даказаная, паколькі пад фотаздымам занінулых у Баранавічах лётчыкаў, было напісана “Царства ім Нябеснае!», — заявіў ён суду.


Музыкі Юлія і Пётр Марчанка, а таксама Антон Шніп — на волі. Палітвязні цалкам адбылі тэрміны і сёння выйшлі на волю.

Тром палітзняволеным удзельнікам гурта «IRDORATH» Юліі Марчанка, Пятру Марчанку і Антону Шніпу 28 снежня 2021 года прысудзілі паўтара года калоніі кожнаму.

Усіх музыкаў «IRDORATH» судзілі за выкананне музыкі падчас пратэстаў у 2020 годзе.Іх затрымалі ўвечары 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі. За кратамі іх утрымлівалі больш за 14 месяцаў.

Салістка гурта Надзея Калач і яе муж Уладзімір усё яшчэ застаюцца за кратамі.