Гістарычны будынак школы ў Берштах на Гарадзеншчыне чакае аўкцыён ці бульдозер

«Гроднасельбуд», уласнік будынку былой Берштаўскай школы Шчучынскага раёну, плануе рыхтаваць цяпер занядбаны будынак для продажу. Школа на працягу дзесяці год зачыненая, зарасла хмызняком і нікім не выкарыстоўваецца, хаця знаходзіцца на беразе цудоўнага возера ў Берштаўскай пушчы.

b96c3242_5d39_47dc_a24b_8bb469fdf675_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg

Сярод жыхароў Берштаў пайшлі чуткі, што школу хочуць зруйнаваць. Мясцовых людзей гэта зачапіла. У Берштах жыве палітык Аляксандар Мілінкевіч, які змясціў у сеціве здымкі школы. Ён паведаміў, што гэты будынак — адзін з помнікаў мясцовай гісторыі.

Будынак памятае даваенны беларускі рух

Паводле Мілінкевіча, драўляны будынак выдатна захаваўся. Ён з «венскімі вокнамі», з высокім 4-х схільным дахам, на беразе вялікага возера жывапіснай Берштаўскай пушчы. Будынку сёлета спаўняецца 80 гадоў, ён памятае апошнія падзеі шырокага даваеннага беларускага руху на Гарадзеншчыне, калі на адкрыцці гэтай школы ў 1937 годзе насуперак жаданням улады ад адукацыі берштаўская моладзь паставіла не польскі спектакль, а купалаўскую «Паўлінку».
Тут чытаў свае вершы жыхарам вёскі апошні народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін... Кім мы будзем, калі застанемся без памяці? — пытаецца Аляксандар Мілінкевіч.

14309f8c_1d54_436a_936c_976c6cbe8f23_w650_r0_s.jpg


Тут месца гістарычнае

Гарадзенскі гісторык Сяргей Токць, які напісаў кнігу пра гісторыю Берштаў, сам скончыў гэтую школу. Ён удакладняе, што будынак Берштаўскай школы быў пабудаваны ў 1902 годзе і функцыянаваў як рамесніцкае вучылішча яшчэ ў царскай Расіі. Потым неаднойчы перабудоўваўся і быў зроблены вельмі дыхтоўна. За савецкім часам тут мясцілася сярэдняя школа, у 90-я — базавая, але дзесяць год таму яе закрылі.
Гэта была апошняя вясковая інстытуцыя, на якой трымаліся Бершты, бо ўжо закрылі шпіталь, у іншую вёску перанеслі сельсавет, засталіся толькі крама і клуб, — з жалем кажа Токць.
Паводле гісторыка, у цывілізаванай краіне ў такім месцы, на беразе возера, такі будынак набыў бы прыватнік і зрабіў там нешта кшталту гатэля, а тут школа належала розным арганізацыям, але ніхто нічога за дзесяць год так і не зрабіў. Токць нагадвае, што ў Берштах не толькі прыгожая прырода для адпачынку, але і багатая гісторыя: ён узгадвае, што Магдэбургскае права для Горадні таксама было падпісана ў Берштах.
Тут месца яшчэ і гістарычнае, але ў нас ўсё зроблена так, што нават калі нешта і ёсць, то ніхто не ведае, як гэта выкарыстаць. У мяне ёсць надзея, што школа ўсё ж так і застанецца стаяць, спадзяюся, што ўласнікі не знойдуць сродкаў на тое, каб яе разабраць, бо за 10 год з ёй так ніхто нічога і не зрабіў.

ce22d34f_211b_4cfa_9f3e_3e4afa27dc71_w650_r0_s.jpg


Сельсавет напіша прадпісанне

Старшыня Астрынскага сельсавету Ганна Бекіш распавяла, што сама бачыла, у якім стане знаходзіцца будынак школы, яна збіраецца напісаць прадпісанне ўласнікам, каб вялі належны догляд за тэрыторыяй. Паводле яе, уся праблема ў тым, што ніхто цяпер не мае грошай на тое, каб трымаць падобныя будынкі ў належным стане.
У нас у Астрына ёсць больш цікавыя будынкі, якія таксама нікому непатрэбныя, бо на іх утрыманне папросту няма сродкаў, а без грошай нічога не зробіш,— падводзіць вынік размовы Ганна Бекіш.

d2e990b4_4696_419d_bc9b_570ef0762728_w650_r0_s.jpg


Уласнікі: Будзем прадаваць

Намеснік генеральнага дырэктара «Гроднасельбуда» Дзмітры Біч патлумачыў, што будынак былой школы развальваць ніхто не збіраецца. Маўляў, займаемся прыборкай тэрыторыі і будзем выстаўляць на продаж, кажа ён:
Мы набывалі яе, каб зрабіць тут базу адпачынку для сваіх працаўнікоў, але час такі, што мы не можам інвеставаць у падобныя праекты, не стае на гэта сродкаў.

6f486305_400c_41d7_8b47_ac2b69c24960_w650_r0_s.jpg


У сеціве пачалося абмеркаваньне праблемы, людзі пішуць, што падобных старых будынкаў у Беларусі не адзінкі і нават не дзясяткі, іх тысячы і яны бясследна знікаюць.
Паводле svaboda.org