«Гэты Вася — падсадны, сто адсоткаў». Акрэсцінска-жодзінскія нататкі
Хтосьці атрымлівае псіхалагічную траўму, хтосьці натхняецца на творчасць. Прапануем вам нататкі з акрэсцінска-жодзінскай вандроўкі экскурсавода Рамана Абрамчука.
Эдуард — значыць Салідарнасць
Эдзік — рэдкаснае боўдзіла. У той злашкодны вечар ён махануў 50 грамаў, і
выйшаў па макароны па просьбе сваёй нарачонай — трэцяй ці якой там ліку, з якой
збіраўся афіцыйна распісацца праз некалькі дзён. Набліжаючыся да скрыжавання
Эдзік убачыў групку такіх жа рэдкасных боўдзілаў: а як іначай назваць тых, якім
ужо і кіроўцы сказалі, што па іх выехалі бусы з ціхарамі, і парачку ціхароў яны
ўжо самі пабачылі побач — але дзе ж там, пратэстуючых жа больш! Верым, можам!
Вось і Эдзік — нейкай сілай дурной гравітацыі прыцягнуўся да чорнай дзіры гэтых няўдачнікаў, паспяшаўся да іх шкадобнай купкі, і, заўважыўшы, што нават яны пачалі разыходзіцца, вырашыў хоць на імгненне падтрымаць акцыю: эпічна, на ўсе шыркі грудзей разгарнуў прыхоплены на ўсялякі выпадак з дому сцяг прама пасярэдзіне дарогі. Прама перад ціхарскім бусам — як ён зразумеў гэта праз секунду пазней. Хлоп! Адчыніліся дзверы і ліпкая цемра, што вывалілася з бусавага нутра, проста запрасіла яго прайсці ў салон...
Пасля кашмарнага РУУСа нас пасадзілі ў аўтазак, які яшчэ гадзіны паўтары
аб'язджаў РУУСы іншых раёнаў, нібы камбайн з мардорскіх палёў усмоктваючы
ўраджай — збіраючы ўсіх затрыманых за гэты вечар. Шлях быў начны і трывожны, і
вось дзесь пасярэдзіне маўклівую напружаную цемрадзь аўтазакавай каробкі нібы
электрычным токам разрадзіла гучнае і бадзёрае: "Хлопцы, не здаемся! Наша
возьме!".
Прызнацца, мы, ператвораныя пагрозамі і збіццём пры затрыманні ў
сапраўдных мышэй, якія баяцца паварушыцца не ў той бок, каб зноў не наклікаць
кіпцюроў кацішчы — былі трохі агаломшаныя такой дзёрзкасцю. І кацішча адразу
з'явіўся, як джын з бутэлькі, бесцялесна: "хто крычаў? завалі пі..ёж,
сука!". А Эдзік — мы пазнаёміліся троху пазней, у "стакане" на
Акрэсціна — не сунімаўся: "хлопцы, вы ж кажыце, калі каму дрэнна, у каго
астма — не маўчыце!". Я спачатку падумаў, што гэта
"Завалі-пі..ёж" раптам спужаўся адказнасці за здароўе затрыманых, і
таму перапытвае пра астму, і я крыкнуў, што дрэнна мне.
А Эдзік з іншага канца
аўтазака адразу ж падтрымаў: "хлопцу дрэнна! уключыце вентыляцыю,
гады!". На гэты раз "Завалі-пі...ёж" дзейнічаў куды больш
рашуча: дастаў Эдзіка з яго адсека, заламаў яму рукі за спінай, надзеў жалезныя
кайданкі і шпурнуў назад. Потым у "стакане" (малюпасенькая камера,
дзе затрыманыя, стоячы ў цеснаце, чакаюць размеркавання) Эдзік весела паціраў
абадраныя кайданкамі рукі, дыхаючы на нас усепераможным перагарам. Я прыглушана
мямліў нешта накшталт "дзякуй, дружа, за мяне пацярпеў". Эдуард нават
увагі не звярнуў — працягваў смяяцца, не асабліва кантралюючы ўзровень голасу,
усё падрабязней распавядаючы нам гісторыю свайго велічнага фіяска з макаронамі,
сцягам, шлюбам.
Балаклава з АліЭкспрэс
Мы ўбачылі яго ў першы дзень у Жодзіне. Пасля прыёмкi, якая суправаджалася пастаянным брэхам аўчарак — у адной танальнасцi з гырканнем ахоўнiкаў — ён быў
першым, які загаварыў з намі са спакойнай людскай інтанацыяй. І мы яго
пазнавалі па гэтай інтанацыі, нават не па голасе — бо ён, падпарадкоўваючыся
карпаратыўнаму трэнду — таксама насіў балаклаву. Але нейкую смешную, дзіцячую,
з якойсьці тонкай мяккай матэрыі, з недарэчнымі белымі палоскамі на складках, падобнымi да расфарбоўкі мульцяшных ніндзя.
"Купіў, мабыць, на АліЭкспрэс", — пажартаваў адзін з нашых, і
гэта стала мянушкай для НАШАГА ахоўніка. У яго можна было спакойна запытацца:
колькі часу (там — нават гэтая веда пра знешні свет з'яўляецца дэфіцытам), хто
сёння прэзідэнт (гэта быў наш спосаб падкалоць ахоўнікаў), калі ўжо будзе,
нарэшце, прагулка... І вось, аднойчы мы запыталі Балаклаву з АліЭкспрэс пра
кнігі, ці ёсць тут бібліятэка. І ён адказаў, што бібліятэкай карыстацца можна
толькі зэкам. "А мы хто?", — рэзонна запыталіся мы. "А вы... ну
вы... вы — людзі!", — нечакана выпаліў хлопец. Потым гэтае "вы —
людзі" самыя цынічныя з нас паўтаралі да канца "сутак".
А
аднойчы Балаклава з АліЭкспрэс прыйшоў без балаклавы. Аказалася — гэта быў
зусім юнак, хлопец гадоў 19-ці... Ён тады яшчэ папярэдзіў нас, пачуяўшы, што
хтосьці паліць у камеры, каб не палілі, бо ён маўляў, усё разумее, але астатнія
ахоўнікі — звяры, і спуску не дадуць... Дык нашыя падкалолі і на гэты раз:
"а вы без балаклавы выглядаеце куды лепш!" Хлопец збянтэжыўся і
пачырванеў. І мы запомнілі гэтую чырвань. І мы будзем сведчыць пра яе. Як і пра
балаклаву, якая яму не пасавала.
"Хто з нас мент?"
"Хто з нас мент?", — жартоўна прымружыўшыся, аглядае балагур Лёха сваіх сукамернікаў. А трэба сказаць, што гэты калектыўны падсвядомы страх наяўнасці ў кампаніі стукача напаўняе сваім атрутным душком ці не кожную камеру "палітычных". "Саня? Не, розуму не хопіць на такое. Макс? Малы яшчэ. Калян? Мабыць ён, ён! Казаў жа пра сваяка ў міліцыі. Рома? Не, доўгія валасы, акуляры — не той тыпаж...", — Лёха правакуе кожнага па чарзе, расштурхоўваючы вечарова-лянівую камеру на жарты. "Лёха, дык ты ж і ёсць мент!", — вырашае падкалоць прыкаліста яго ж шпількай Рома. "Ты ж нам сам плёў нешта пра разведку, спецаперацыі ў арміі..."
І Рома ўзгадвае папярэднюю камеру. Як адзін з сукамернікаў, Васіль,
відавочна выдзяляўся — недалёкасцю і нешматслоўнасцю, хранічным няўменнем
гуляць у "кантакт"... Калі перад транспарціроўкай у Жодзіна ўсіх
астатніх паклікалі ў калідор з рэчамі — яго аднога пакінулі ў камеры. І ў
дворыку на перакуры адзін з нашых падляцеў да нас і спешна затараторыў:
"Гэты Вася — падсадны, сто адсоткаў. Пакінулі аднога, і ён нічога ўцямнага
не адказвае чаму так".
Тут я ўзгадаў, што ў мяне ў галаве таксама мільгала думка пра Васю, калі яшчэ гуляліся ў гарады — Вася ведаў толькі Магадан і Растоў з Данецкам, дый тыя — называў па некалькі разоў за гульню. Ну а потым ён стаў распавядаць нейкую лухту пра уваход у схаваную прастору смартфона праз калькулятар — маўляў, вось так можна схаваць і тэлеграм, і ўсё астатняе. "Зусім нейкая ерась", — канчаткова насцярожыўся я. Але ў дворыку тады я вырашыў супакоіць устрывожанага суседа: "ды ладна, можа, проста маўклівы дзядзька, і да нас непадобны... Не пераймайся". Сам жа пашкадаваў, што шмат нагаварыў лішняга за суткі, зрэшты, як і ўсе астатнія...
І вось Лёха. Хахмач і пашляк, хуліган і бабнік. Апроч
сваіх пазашлюбных прыгодаў, ён паспеў нам пераказаць усе свае армейскія
прыколы, і сярод іх, насамрэч, узгадваў нейкія сакрэтныя заданні,
падрабязнасці якіх яму быццам бы нельга было распавядаць — і пра якія ён
тут жа нам падрабязна распавёў, перасыпаючы жартамі: "Я — мент?! Ды на х.й трэба! Я бухаць люблю —
прагаварыцца магу!", — крые Лёха.
Вечар цягнецца далей, бяжыць няспешна, як таварняк, на сарціровачнай станцыі, мяняючы адно беспантовае месца на іншае... Будуем планы на будучую сустрэчу сукамернікаў у піўным бары, дзесь пабліжэй да якой-небудзь раённай пратэстнай акцыі, для экстрыму. І я адчуваю, што менавіта з Лёхам, з яго дзяржаўна-вайсковай біяграфіяй — можна напіцца бязбоязна.
... На выхадзе сябар-айцішнік распавядае мне пра новую мабільную прыладу ў
выглядзе калькулятара, якая дазваляе ўваходзіць у схаваную прастору
тэлефона.
Працяг будзе