Хадаркоўскі: Не веру, што Лукашэнка дзейнічае ў адзіночку ў крызісе з мігрантамі
Кіраўнік руху «Адкрытая Расія» Міхаіл Хадаркоўскі пракаментаваў міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЕС. 20 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Літве ён заявіў пра несамастойнасць Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай праблеме.
«Я перакананы, што крызіс з уцекачамі мэтанакіравана справакаваны ў якасці формы палітычнага ціску на Літву, на літоўскі ўрад, на літоўскае грамадства, — цытуе словы Хадаркоўскага «Delfi». — Мы лічым, што гэта не толькі лагічна, але і мае дастатковыя доказы. Ці дзейнічае Аляксандр Лукашэнка ў адзіночку — я асабіста ў гэта абсалютна не веру, ён аказвае паслугу Крамлю».
У прэс-канферэнцыі таксама ўдзельнічаў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Ён заявіў, што ёсць доказы наўмысных дзеянняў улад Беларусі, а мадэль штучна выкліканай міграцыі магла быць «пазычаная» ў Расіі — раней падобныя дзеянні былі адзначаны на межах Нарвегіі і Фінляндыі. «Мы бачым, што Аляксандр Лукашэнка проста ўзяў гэты ўзор і ўдасканаліў яго», — сказаў міністр. Паводле яго слоў, прамых доказаў удзелу ў гэтых працэсах Расіі няма.
euroradio.by