Эрдаган: Крым павінен вярнуцца ў склад Украіны
Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Крым трэба вярнуць Украіне — гэта патрабаванне міжнароднага права.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у аўторак у сваім выступе на другім саміце Крымскай платформы падкрэсліў, што завяршэнне акупацыі Расіяй Крыма — гэта патрабаванне міжнароднага права і важны элемент глабальнай бяспекі і стабільнасці. За вяртанне Крыма Украіне сёння падчас саміту выказаліся і еўрапейскія лідары, паведамляе "Еўрапейская праўда".
"З самага пачатку Турцыя адкрыта заяўляла, што анексія Крыма неканстытуцыйная і незаконная, і не прызнае яе. Гэта прынцыповая пазіцыя як у прававым, так і ў маральных плане. Міжнароднае права па сутнасці вызначае, што Крым павінен вярнуцца ў склад Украіны, неад'емнай часткай якой ён з'яўляецца", — падкрэсліў турэцкі прэзідэнт.
Ён дадаў, што захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і палітычнага адзінства Украіны "вельмі важнае не толькі для рэгіянальнай, але і для глабальнай бяспекі і стабільнасці".
"Для Турцыі прыярытэт таксама — забеспячэнне бяспекі і дабрабыту роднасных з намі крымскіх татараў, якія з'яўляюцца адным з карэнных народаў Крыма. Нашы крымскія татары пільна назіраюць за апошнімі падзеямі ў Крыме", — сказаў Эрдаган.
Прэзідэнт Турцыі заявіў таксама, што крымскія татары, якія не раз цярпелі за сваю гісторыю, цяпер змагаюцца за мірнае жыццё на сваёй радзіме: "У гэтым працэсе Турцыя працягвае падтрымліваць украінскі ўрад і крымскіх татараў", — падкрэсліў Эрдаган.
Сёння пра тое, што Крым мусіць быць вернуты Украіне, казалі таксама розныя еўрапейскія лідары. У прыватнасці, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў аб неабходнасці вызвалення ад расійскай акупацыі ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку Крыму.
А прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі назваў барацьбу за Крым часткай барацьбы за вызваленне ўсёй Украіны.
Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс таксама выступіў за аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах — уключна з Крымам. Пра гэта ён заявіў у сваім выступе на другім саміце Крымскай платформы: "Мы не прызнаем і ніколі не прызнаем незаконную анексію Крыма або іншых украінскіх рэгіёнаў. Эстонія будзе падтрымліваць Украіну, колькі неабходна, каб дапамагчы выйграць гэтую вайну і аднавіць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Гэтая вайна пачалася ў Крыме і павінна скончыцца ў Крыме", — сказаў Карыс.