Душылі, душым і будзем душыць
Колькі ўжо разоў Аляксандр Рыгоравіч кляўся і бажыўся паціснуць руку апошняму прадпрымальніку! Як толькі іх не душылі: і падаткамі, і арэндай, і праверкамі, і сертыфікатамі, і ліцэнзаваннем…
Зразумела, прадпрымальнікі ўжо даўно не чакаюць ад беларускай улады нічога добрага. Зараз прадпрымальнікам нанеслі чарговы ўдар у спіну.
Нагадаем, тэхрэгламент Мытнага саюза, згодна з якім тавары лёгкай прамысловасці павінны праходзіць абавязковую сертыфікацыю, павінен быў уступіць у дзеянне з 1 чэрвеня гэтага года. Але прадпрымальнікі справядліва наракалі на тое, што працэдура сертыфікацыі вельмі дарагая і грувасткая. Да таго ж, чамусьці праходзіць яе ў Беларусі павінны менавіта прадпрымальнікі, а не вытворцы прадукцыі, у якіх прадпрымальнікі закупаюцца. І плаціць за гэтую сертыфікацыю павінен таксама прадпрымальнік.
Чамусьці вытворцы тавараў лёгкай прамысловасці краін ТС гэты тэхрэгламент не праходзяць. Не праходзяць яго буйныя аптавікі, напрыклад, Масквы, дзе «затарваюцца» беларускія ІП. Не праходзяць працэдуру тэхрэгламента і прадпрымальнікі Расіі і Казахстана — нягледзячы на тое, што і яны таксама ў Мытным саюзе. А вось нашы чыноўнікі вырашылі, што беларусы павінны быць афігенна законапаслухмянымі.
Улетку гэтага года прадпрымальнікі ўжо выказалі сваё меркаванне з нагоды тэхрэгламенту ў ходзе папераджальнага страйку, які адбыўся 27 чэрвеня на многіх рынках і гандлёвых цэнтрах краіны. Страйк ахапіў шэсць абласных і 20 раённых цэнтраў, дзе пражывае 75% гарадскога насельніцтва краіны. У выніку ўрад крыху адумаўся: да 1 лістапада прадпрымальнікам дазволілі гандляваць і без тэхрэгламенту, а да 1 ліпеня 2014 года пакінулі спрошчаны парадак пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі тэхрэгламенту.
Прадпрымальнікі сталі чухаць патыліцы над тым, як перайсці на новыя рэйкі працы. Але, як кажуць, «вераломна, без абвяшчэння вайны» не хто іншы, як старшына Савета па развіцці прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч заявіў, што выконваць тэхрэгламент прадпрымальнікі павінны будуць ужо з 1 снежня 2013 года. Маўляў, усё для гэтага ўжо гатова, засталося толькі ўнесці праўкі ў заканадаўства.
Гэта нягледзячы нават на тое, што за беларусаў заступілася Еўразійская эканамічная камісія. Яна выказалася ў тым рэчышчы, што ў Беларусі «неабгрунтавана пашырана вобласць прымянення» тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Гэта зафіксавана ў выніковым пратаколе першага сумеснага пасяджэння падкамітэтаў ЕЭК, якое прайшло 2 жніўня ў Маскве.
На гэтым паседжанні выступіла спецыяліст дэпартамента тэхнічнага рэгулявання ЕЭК, саветнік аддзела тэхнічных распрацовак Антаніна Галаўцова, якая заявіла, што суб’ектамі рэгулявання тэхрэгламентаў з’яўляюцца толькі дзве катэгорыі — імпарцёры і вытворцы, а ніяк не раздробны гандаль. Такім чынам, прадпрымальнікі ўвогуле пад тэхрэгламент не падпадаюць. Але беларускі ўрад спрабуе прымусіць прадпрымальнікаў плаціць за тое, што іх не тычыцца.
Чаму так робіцца? Зразумела, знішчаючы прадпрымальнікаў, урад імкнецца разгрузіць склады. Урадавыя аналітыкі, верагодна, лічаць, што напярэдадні навагодніх святаў адсутнасць на рынках звыклага асартыменту прымусіць беларускіх грамадзян купляць дарагія аналагі мясцовай вытворчасці, што станоўча адаб’ецца на колькасці складскіх запасаў. Аднак наўрад ці ўсе тыя, хто не знойдзе патрэбны тавар на рынку, адразу кінуцца «купляць беларускае». Хутчэй, вельмі ўдалыя часы чакаюць літоўскія і польскія гандлёвыя цэнтры. «Озасы» і «Акропалісы» могуць спадзявацца на наплыў беларускіх пакупнікоў, якія будуць вывозіць валюту з краіны, каб закупіцца навагоднімі падарункамі на тамтэйшых распродажах.
А беларускія прадпрымальнікі з 1 снежня 2013 года могуць проста вымушана спыніць працу.
Тое, што яны спыняць працу, не сумняваецца амаль ніхто. Напрыклад,старшыня Каардынацыйнага савета прадпрымальнікаў Мінска Алесь Макаеў кажа, што ўвядзенне тэхрэгламенту проста робіць немагчымай працу прадпрымальнікаў. «Тут альбо спыненне працы, бо ніякага часу і грошай не хопіць на тое, каб сертыфікаваць кожную партыю тавару ў колькасці пяці штук, альбо праца па-за межамі закона: без папераў і дакументаў. А гэта можа балюча адгукнуцца самім прадпрымальнікам», — лічыць Макаеў.
Што ж тычыцца аргумента кшталту «разгрузкі складоў», то Макаеў не ўспрымае яго ўсур’ёз. «Паглядзіце, з кожным годам павялічваецца колькасць цягнікоў і аўтобусаў, якія ідуць у напрамках Польшчы, Літвы, Украіны. Што, нашы людзі масава едуць адпачываць туды на адзін-два дні? Да таго ж кожны можа паглядзець у інтэрнэце, якія штодня чэргі праз мяжу на літоўскім і польскім напрамках. Гэта само за сябе кажа, што і дзе набываюць нашы грамадзяне», — адзначае прадпрымальнік.
Спыненне ж працы прадпрымальнікаў моцна ўдарыць не толькі па грамадзянах, якія ламануцца праз мяжу, і, адпаведна, па мытніках і памежніках. І не толькі створыць напружанасць у аддзелах па беспрацоўі, куды прадпрымальнікі пойдуць «шчыльнымі радамі». Гэта яшчэ раз ударыць па і без таго ўбогім бюджэце краіны.
Два тыдні таму прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах з задавальненнем адзначала, што толькі ў Мінску паступленні падаткаў і збораў ад індывідуальных прадпрымальнікаў за дзевяць месяцаў 2013 года выраслі на 42,5%. Па стане на 1 кастрычніка на ўліку ў падатковых органах Мінска знаходзілася 68 118 індывідуальных прадпрымальнікаў, ад якіх паступіла падаткаў і збораў на 683,9 мільярда рублёў. Такім чынам, толькі прадпрымальнікі Мінска здалі ў бюджэт каля 75 мільёнаў долараў.
Калі хаця б палова з прадпрымальнікаў спыніць працу 1 снежня, то за месяц прыйдзецца істотна скарэктаваць бюджэт краіны на ўсё яшчэ бягучы год. А бюджэт–2014 увогуле можна лічыць банкрутам.