Дар’я Міцкевіч: Мы арганізаваліся абсалютна спантанна
Нідэрланды — гэта яшчэ адная краіна, дзе адбыліся акцыі салідарнасці.
«За час выбараў тут абудзіліся сотні беларусаў, якія зараз не на Радзіме», — пра гэта распавяла «Радыё Рацыя» Дар’я Міцкевіч.
— Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у акцыі?
— Па-першае, я беларуска. Я 6 гадоў жыву ў Нідэрландах, але я адчуваю сябе беларускай. Больш за тое, у мяне ўзнікаюць думкі вярнуцца на Радзіму, нягледзячы на тое, што мы тут даўно. У прынцыпе ўсё няблага, але сувязь з Беларуссю моцная, бо там жывуць мае бацькі, мая мама. Там жывуць мае самыя бліжэйшыя сябры.
Я сачу за навінамі, я насамрэч адчуваю сябе ў кантэксце. Мяне вельмі цікавіць беларуская культура, таму шчыра кажучы не было пытанняў удзельнічаць ці не ўдзельнічаць. Калі адбываюцца падзеі, пра якія мы ўсе ведаем у Беларусі. Вельмі хацелася сказаць і быць пачутай. Акцыя, якую мы арганізавалі ў Нідэрландах, яна была такой магчымасцю выказацца, магчымасцю гучна сказаць, што мы пра гэта думаем.
— Наколькі вялікая ў Нідэрландах суполка беларусаў? Ці пазнаёміліся вы?
— Гэта вельмі цікава насамрэч, бо я не ведала, колькі беларусаў тут, у Нідэрландах. У мяне было нейкая ўяўленне, яно складалася са статыстыкі, якую я калісьці там паглядзела. Я бачыла статыстыку пра колькасць рускамоўных з краін Усходняй Еўропы тут, там былі нейкія лічбы пра Беларусь. Я паглядзела і забылася. Насамрэч тут няма кам’юніці, у Нідэрландах няма беларускага кам’юніці, няма месца, дзе збіраліся б беларусы. Больш-менш хтосьці кагосьці ведае, але гэта такія маленькія суполкі, маленькія групоўкі. Яны ўтвараюцца недзе на працы, ці людзі пераязджаюць, адзін аднаго ведаюць, але супольнасці няма, кам’юніці няма.
Калі ўсё гэта стала адбывацца, калі палітычныя падзеі завярцеліся, то так адбылося, што ў групе на Facebook, якая існуе, людзі сталі прапаноўваць зрабіць нейкую акцыю салідарнасці з беларусамі. Такім чынам мы арганізаваліся абсалютна спантанна. Не было ніякага лідара, проста людзі адначасова падумалі пра адно і тое ж. Гэта была нейкая колькасць людзей, яны распаўсюдзілі інфармацыю.
Такім чынам цяпер, мне здаецца, каля 200 чалавек, якія тут у Нідэрландах прымаюць актыўны ўдзел, якія цікавяцца, якія гатовыя збірацца зноў і падтрымліваць Беларусь да самага моманту выбараў.
— Якія настроі сярод беларусаў Нідэрландаў наконт выбараў у Беларусі?
— Вельмі складана сказаць таму, што няма нейкай кансалідаванай пазіцыі, маё адчуванне такое. Кожны мае сваё меркаванне, але тым не менш ёсць салідарнасць па пытанні таго, што тое, што адбываецца ў Беларусі, не выглядае як законны палітычны працэс. Адбываецца шмат парушэнняў закона — гэта тое, што мы бачым адсюль.
Адбываецца вельмі шмат дзіўных падзей, свабоды слова па сутнасці няма, людзі не могуць выказаць сваё меркаванне. Яны не могуць нават спакойна пашпацыраваць па вуліцах. Напрыклад, у Менску выйсці ўвечары ў цэнтр горада проста стала небяспечна.
Я думаю, што ўсе тут больш-менш салідарныя, што так быць не павінна, што гэта не нармальна. Мы хочам сказаць, што мы не згодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі. Таксама я думаю, самае галоўнае, мы хочам падтрымаць тых беларусаў, якія баяцца, якія не ведаюць што рабіць і можа яшчэ сумняваюцца ці маюць яны права таксама выходзіць на вуліцу, увогуле не ведаюць, што ім рабіць. Мы хочам ім сказаць, што мы з імі і мы іх падтрымліваем.
Дар’я Міцкевіч не выключае, што да моманту асноўнага дня галасавання яшчэ пройдзе некалькі акцый у падтрымку палітзняволеных і тых, хто зараз змагаецца за вольную Беларусь.