Чат з малінавым варэннем — мадэль дэмакратыі ў нашым цэнтры Еўропы

Чаму дамавыя сеткавыя групы набылі ў Беларусі вялізарны размах, значны ўплыў і вірусны распаўсюд? Чаму яны сталі рухавіком перамен і сімвалам пратэсту? Усё проста: бадай, гэта адзіная мадэль дэмакратыі ў нашым цэнтры Еўропы.

Фота meduza.io

Фота meduza.io


«Спадарства, сёння збіраемся ў двары? Магу спекчы пірог, хто прынясе кіпень для кавы і гарбаты?»

«За 36-м домам падазроны бусік з таніроўкай. Здаецца ўнутры «аліўкі», будзьце там асярожныя з ланцугом салідарнасці. Працягваю назіраць…»

«Сусед з 72-й кватэры трапіў на суткі. Каму здаём грошы на дапамогу сям’і?»

Падобнымі допісамі ў гэтыя дні стракацяць тэрытарыяльныя суполкі ў тэлеграме. У чатах — наздвычай папулярнае сёння слова — на ўсю моц віруе жыццё. Грамадскае, палітычнае, сацыяльнае. Пад нікамі, з эмодзі і гіфкамі — і, зразумела, з даўжэзнымі шлейфамі паведамленняў, якія ў рэжыме 24/7 нясуць пульс беларускага пратэсту.

Сухарава — амаль 3000 карыстальнікаў, Лебядзіны — 2600, Серабранка — 3400… У кожным мінскім мікрараёне існуе такое інтернэт-згуртаванне суседзяў (часцей за ўсё іх некалькі), і ў гэтых незгасаючых кам’юніці вялікія магчымасці.

Дамовіцца аб вечаровай акцыі ці нядзельнай лагістыцы пры руху на Стэлу. Дапамагчы пацярпелым — грашыма, перадачай на Акрэсціна, ў якасці нянькі для малога. Падзяліцца інфармацыяй і асабістым досведам — пра паводзіны на Маршы, месца, дзе можна набыць БЧБ-сцяг, лакацыю чарговага чаяпіцця з малінавым, як цяпер модна казаць, варэннем. Ну, ці проста патачыць лясы, пасмяяцца альбо абмеркаваць побыт, які ніхто не адмяняў.

«Згубіўся сабака! Толькі што бачыла — тырчыць на раёне пад «Каронай», змерз… Зараз скіну фотачку…»

Калі Сцяпан NEXTA Пуціла майстраваў свой мегапапулярны тэлеграм-канал, ён і думаць не думаў, што гэткая форма камунікацыі яшчэ не стане вяршыняй тэхналагічнага росквіту. Што ўслед за ёй да беларусаў прыйдзе фенамен чатаў — дзівосных экасістэм, дзе няма начальнікаў і падначаленых, усе ўсім сябры і роўня, і кожны сам сабе рэжысёр, лялькавод і каардынатар.

Калі цяперашнія падзеі ў краіне дарэчна называць рэвалюцыяй, то чаты — адзін з яе прыкметных рухавікоў. Гэта недзе там — у каналах на сотні тысяч падпісчыкаў — цытуюць Лукашэнку і Ціханоўскую, «звальняюць» універсітэтскіх выкладчыкаў і «закрываюць» на суткі зорак спорта. Беларускі пратэст, як вядома, дэцэнтралізаваны і гарызантальны — без інфармацыйнай падтрымкі на нізавым узроўні, на ўзроўні вуліц, двароў ці нават пад’ездаў, ён мог бы вычхацца яшчэ на пачатку восені.

Але ён не вычыхаецца. Бо Шаранговіча вітае Лабанка, Ташкентская сяброўскі кпіць з Галадзеда, а Новая Баравая збіраецца ў госці да Копішча.

Фота meduza.io

Фота meduza.io

Добра было б паразважаць, што гэты віртуальны Perpetuum mobile неверагодныя беларусы прыдумалі сабе самі. Што некаму ўпаў на галаву ньютанаўскі яблык, і адбылася эўрыка як у Архімеда. Але не. Вулічныя чаты (яны, дарэчы існуюць не толькі ў Мінску — па ўсёй краіне) — гэта не чарговае геніяльнае вынаходніцтва беларускіх айцішнікаў. Яны выспелі арганічна-лагічна — і на загадзя падрыхтаванай глебе. Узраслі з самага маленькага грамадскага зерня — чацікаў, што даўно пачалі ствараць сабе ўдзельнікі жыллёвых таварыстваў і кааператываў. І вось тут сапраўды ёсць сэнс пагаварыць пра нейкі суверэнны ноу-хау.

Чаты на базе ЖБТ ствараліся выключна для практычных мэтаў. Пабудаваць шлагбаум на паркінгу, падняць пытанне з рамонтам ці мантажом дзіцячай пляцоўкі, арганізавацца на суботнік, бо нешта зашмат смецця і пустазелля навокал. Не збіраць жа кожны раз сход — у інтэрнэце ўсе хутчэй, зручней і больш тэхналагічна. Датычныя кожнага, гэтыя пытанні паўсядзённасці актыўна абмяркоўваліся, спараджалі дыскусіі і тушыліся выніковым галасаваннем. Вердыкт бальшасці абскарджанню не падлягаў.

Дык вось у гэтым і палягае сутнасць: бяскрыўдныя чацікі для вырашэння побытавых праблем спакваля сталіся выспамі дэмакратыі ў недэмакратычным беларускім соцыуме. Дзесьці за межамі тваёй вайбер-суполкі — дыктат адміністрацыі, ідэялагічныя цыркуляры, дырэктыўная падпіска на дзяржаўную прэсу… І ўсё тое астатняе, што падае на цябе зверху і на што ты не можаш паўплываць. Уключаючы выбары — мясцовыя, парламентскія ці прэзідэнтскія — вынікі якіх лёгка спрагназаваць задоўга да часу ікс.

Затое ў межах роднага жыллёвага кааператыва ўсё інакш — тут твой голас чутны і мае вагу, тут тваю волю паважаюць, а твая свабода не абмяжоўваецца ўнутранымі страхамі. І старшыня таварыства, калі што, з дрынам у кватэру не прыйдзе. Бо ён, старшыня, табой жа і абраны, згодна са статутам. Будзе зашмат пра сябе разумець — то можна абраць і каго іншага.

Нядаўна на адным з тэлеканалаў выходзіў рэпартаж якраз пра дамавыя чаты. Ясны перац — кантэкст быў палітычны, а інтанацыі крытычныя. Маўляў, вешаюць жыльцы бел-чырвона-белыя сцягі, псуюць фасады іншай дэструктыўнай графікай дый увогуле не той справай займаюцца. Самым красамоўным у тым сюжэце быў каментар кіраўніка таварыства, які ці не прамым тэкстам сказаў, уздыхнуўшы: «Я — наняты жыхарамі дома менеджэр…» І як быццам развёў рукі — загадваць нікому не магу.

Яшчэ больш красомоўнай была рэакцыя на «выкрывальніцкі» тэлерэпартаж — да таго самага нехарошага чата, падзякаваўшы роднаму ТВ, хуценька дадалася сотня новых карыстальнікаў.

Фота meduza.io

Фота meduza.io

Так, наняты менеджэр — гэта не тая манументальная цётка з «Брыльянтавай рукі», што ўладна распаўсюджвала квіткі сярод «жыльцоў нашага ЖЭСа». (Памятаеце? «Калі не будуць браць — адключым газ»). Наняты — гэта той, хто адказвае перад наймальнікам. У выпадку з ЖБТ — перад жыхарамі-грамадзянамі, а не перад вышэйстаячым кіраўніцтвам, як заведзена паўсюль.

Таму і дэмакратыя — з мінімальнай прысутнасцю чыноўнікаў мікрараёна. Таму і свая палітыка, дзе прага да пераменаў дамінуе. І свая эканоміка, калі трэба на нешта скінуцца і патраціцца. І свая сацыялогія, бо любое пытанне лепш за ўсё «пусціць на галасы». І нават свая культура — з пратэстнымі мураламі, дзіцячымі дыскатэкамі, канцэртамі жывой музыкі і без аніякай «саладухі».

Цяжка сказаць, чым скончацца ў Беларусі працэсы, запушчаныя 9 жніўня. І чаго яны ў выніку будуць нам каштаваць. Але дакладна можна сцвярджаць іншае: вось гэтую актыўнасць гарадскіх двароў, іх салідарнасць, узаемадапамогу і веру ў лепшае, ужо не спыніць і не стрымаць.

Сваю маленькую нізавую дэмакратыю беларусы не аддадуць. Як і адчуванне таго, што за гэтым будучыня, якая ўсё бліжэй і бліжэй.