Беларускіх паралімпійцаў пакараюць, калі тыя зноў падтрымаюць Расію

9 сакавіка ў Пхёнчхане, дзе два тыдні таму скончыліся ХХІІІ Алімпійскія гульні, стартуе XII зімовая Паралімпіяда. Ад Беларусі ў Паўднёвую Карэю выправіліся 15 спартоўцаў, шэсць з іх — дэбютанты., паведамляе "Радыё Свабода" 

На лыжнай дыстанцыі беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок

На лыжнай дыстанцыі беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок


Провады нешматлікай беларускай дэлегацыі адбыліся ў менскай ратушы, з прамовамі выступілі першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, віцэ-прэзідэнт НАК і старшыня Беларускай федэрацыі хакею Сямён Шапіра, першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў, старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель.

Таксама чальцы дэлегацыі наведалі храм у гонар св. Марыі Магдаліны, дзе настаяцель прыходу протаярэй Іаан Харашэвіч адслужыў малебен.

 

Нацыянальны інваспорт па-ранейшаму ў цені «здаровага»

Вырашана, што сцяганосцам зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця будзе шматразовая чэмпіёнка і прызёрка Паралімпіядаў і чэмпіянатаў свету Людміла Ваўчок, якая выступае і ў летніх, і ў зімовых дысцыплінах. Капітанам каманды стане яшчэ адзін тытулаваны паралімпіец Дзмітры Лобан.

У Паўднёвай Карэі будуць весці барацьбу 700 спартоўцаў з паўсотні нацыянальных камандаў. Маецца разыграць 80 камплектаў узнагарод у шасці відах спорту. Паўтара дзясятка беларусаў, якія выйдуць на трасы Пхёнчхану, выступяць толькі ў дзвюх дысцыплінах — біятлоне і лыжных гонках. Спартовыя функцыянеры разлічваюць, што гэтым разам атлетам па сілах здабыць пяць медалёў — чатыры гады таму ў Сочы былі тры.

 

Папярэдняя Паралімпіяда-2014 у Сочы

Папярэдняя Паралімпіяда-2014 у Сочы

Пры гэтым інваспорт у Беларусі па-ранейшаму застаецца ў цені «здаровага». Калі алімпійцы атрымліваюць ад дзяржавы 150, 75 і 50 тысяч даляраў за золата, срэбра і бронзу адпаведна, то ганарары паралімпійцаў куды больш сціплыя — 50, 30 і 20 тысяч даляраў за тыя ж самыя месцы. Пры тым, што ў суседзяў прыбыткі паміж здаровымі спартоўцамі і тымі, якія маюць фізічныя абмежаванні, роўныя.

Адна з самых уганараваных беларускіх паралімпіек Людміла Ваўчок, якая выправілася на свае сёмыя гульні, перакананая: ацэньваць дасягненні паводле рэшткавага прынцыпу праз фізічныя недахопаў як мінімум нелагічна, бо ў падрыхтоўку і выступы ўкладаюцца гэткія ж вялізныя намаганні.

«Вядома, гэта неапраўдана. Калі глядзіш, як ставяцца да сваіх спартоўцаў-паралімпійцаў у іншых краінах, нават на экс-савецкай прасторы — Расія, Украіна, Азербайджан — дык там увогуле пабудавана так, што прывозіш медаль з Алімпіяды, і табе пажыццёва даецца пенсія. То бок нешта важкае зрабіў для гонару дзяржавы, таму за сваю працу будзеш забяспечаны. Прынамсі, чалавек ведае, што ўсе ягоныя намаганні ўрэшце будуць апраўданыя. У бальшыні краінаў ужо не дзеляць — алімпіец ты ці паралімпіец. Усе ўмовы выраўнавалі і цэняць усіх аднолькава. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, хацелася б болей увагі і з боку нашай дзяржавы». 

Іншаземцам забаронена «захапляцца» расійскім допінгам

Як і ў выпадку з асноўнай зборнай Расеі, у Пхёнчхане атлеты з гэтай краіны таксама будуць прадстаўленыя пад нейтральным сцягам. На летняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, куды расейскіх паралімпійцаў не дапусцілі праз допінгавыя злоўжыванні, беларуская дэлегацыя ўчыніла акт салідарнасці, узняўшы над калонай расейскі трыкалор.

 

Андрэй Фомачкін на ўрачыстым прыёме ў Паралімпійскім камітэце Расіі

Андрэй Фомачкін на ўрачыстым прыёме ў Паралімпійскім камітэце Расіі

Чалец беларускай місіі, спартовы функцыянер Андрэй Фомачкін, які гэта зрабіў, быў неадкладна выпраўлены дадому, дзе неўзабаве быў прызначаны кіраўніком цэнтру падрыхтоўкі ў зімовых відах спорту ў Раўбічах пад Мінскам. У Расіі ён атрымаў кватэру ў Падмаскоўі і ўвекавечаны ў назве аднаго са стадыёнаў.

Гэтым разам першы намеснік прэзідэнта НАК Андрэй Асташэвіч яшчэ падчас провадаў нацыянальнай зборнай паабяцаў, што «ніякіх акцый» са сцягамі ня будзе.

Старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель пацвердзіў, што паралімпійцаў з Беларусі афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці «любых публічных акцый», у тым ліку па-за Алімпійскай вёскай. У іншым выпадку ім самім будзе пагражаць дыскваліфікацыя.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця Паралімпіяды пройдуць на тым жа стадыёне, дзе адбыліся спаборніцтвы XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў.

Паралімпійскія гульні пройдуць з 9 да 18 сакавіка.