Беларусь прыняла рашэнне замяніць корпус рэактара. Расія заяўляе, што дакументальна яно не аформлена
Мінск прыняў рашэнне замяніць корпус рэактара для будучага энергаблока Беларускай АЭС, які робіцца пры ўдзеле Расіі. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік Мінэнерга Беларусі Уладзімір Патупчык.
«Ужо рашэнне прынята пра замену», — сказаў ён, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў. Кажучы аб кошце замены абсталявання, ён адзначыў, што гэта прадмет перамоваў з расійскім бокам.
У той жа час начальнік аддзела камунікацый і грамадскай інфармацыі Дзяржатамнагляду Алег Собалеў заявіў, што Беларусь пакуль дакументальна не аформіла рашэнне пра замену корпуса рэактара першага энергаблока БелАЭС.
«Рашэнне пра лёс корпуса рэактара першага энергаблока АЭС працягвае дапрацоўвацца. Яно пакуль не фармалізавана», — адзначыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.
Пра інцыдэнт з корпусам рэактара для БелАЭС стала вядома са СМІ ў канцы ліпеня. Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць заявіў, што сітуацыя знаходзіцца пад яго кантролем. Ён дадаў, што Беларусь адмовіцца ад гэтага корпуса, «нават калі ёсць найменшыя пашкоджанні або драпіны».
Паводле tut.by