«Беларусь, якая чакае». Гасцінная Сляпянка (фота)

Сёння па замове нашага чытача мы наведваем адзін са старых мікрараёнаў Мінска. Ён можа хутка страціць свой цяперашні выгляд, таму трэба спяшацца! Сляпянка бярэ сваю назву ад невялічкай рэчкі Слепня, якой даўно ўжо няма, а першыя згадкі аб гэтых месцах з’явіліся ў XVI стагоддзі! 

Сляпянка раней дзялілася на Вялікую і Малую, але цяпер часцей можна пачуць аб бліжняй Сляпянцы (Даўгабродская-Фролікава-Уральская) і дальняй Сляпянцы (Авангардная-Філімонава-Запарожская). Нашы сённяшнія сцежкі пралягаюць па дальняй. Тут пакуль яшчэ можна ўбачыць будынкі  пасляваеннага перыяду, ад часоў, калі раён пачаў актыўна будавацца, да канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя.


Сёння Сляпянка ці не самы зялёны мікрараён горада. Двухпавярховікі 1950-х — 1960-х гадоў літаральна хаваюцца сярод ліп, яблынь, таполяў, шматлікіх кустоў і кветнікаў. Гэтыя дамы будаваліся збольшага для працаўнікоў Мінскага трактарнага завода самімі працаўнікамі. Цяпер тут жыве шмат іх нашчадкаў, якія не хочуць з’язджаць у каменныя гета на ўскрайках сталіцы. Кажуць, ужо прывыклі тут. Але ўлады, здаецца, знайшлі выйсце — адзін з запланаваных новых шматпавярховікаў, магчыма, будзе заселены «старымі» жыхарамі раёна. 

Ледзьве не палову Сляпянкі займае прыватны сектар, жыхарам якога пакуль нічога не пагражае. Разабрацца б з тым, што ўжо размеркавалі. Жыццё тут цячэ спакойна і разважліва — нават не скажаш часам, што зусім побач сталічная мітусня.

Але ж мы вяртаемся ў «горад». Некалькі гадоў таму прывід разбурэння і немінучага будаўнічага вэрхалу ўжо з’яўляўся ў гэтых мясцінах — былі зруйнаваны некалькі старых дамоў, у якіх нават не было прыбіральняў. Тады казалі, што вось-вось пачнецца будоўля 20-павярховікаў, але ж дагэтуль месца стаіць пустое. Цяпер руйнуюць дамы, адселеныя больш за тры гады таму, і зноўку чутно пра тое, што «зараз дакладна пачнецца». Час пакажа.

Сапраўднай «жамчужынай» Сляпянкі з’яўляецца, канечне ж, канал Сляпянскай воднай сістэмы. Гэта ўлюбёнае месца адпачынку амаль усіх мясцовых. Сабачнікі даўно ведаюць адно аднаго і ветліва вітаюць новых чальцоў сваёй суполкі. Рыбакі заўзята сочаць за паплаўкамі і самааддана закідваюць спінінгі — тут насамрэч шмат самай разнастайнай рыбы: ад лінёў і карасёў да акунёў і шчупакоў. Некаторыя знакамітыя азёры могуць пазайздросціць! Нават у самы спякотны дзень тут можна адшукаць куток, дзе патроху дзьме прахалодны ветрык. Вельмі прыемнае месца!

На беразе канала ёсць яшчэ адное адметнае месца ў Сляпянцы. Гэта буйны спартовы комплекс з паркам экстрэмальных відаў спорту, куды падлеткі ездзяць амаль з усяго горада. Дарэчы, і прыхільнікам больш традыцыйных спаборніцтваў тут знойдзецца шмат месца. Ёсць пляцоўкі для футбола, стрытбола, воркаўта, а побач тэнісныя корты і басейн. Сляпянка — яна спартыўная, ага!

Па мяжы Сляпянкі праходзіць і дзіцячая чыгунка. Дарэчы, зусім недалёка і «дарослая» на іншай мяжы. Па выходных далёка чуваць забіяцкі гудок невялічкага цягнічка з задаволенымі дзецьмі і іх бацькамі. Ну, а нам і паназіраць цікава, як зусім маладыя чыгуначнікі зацята робяць дарослую справу па кіраванні хоць і малым, але ж сапраўдным цеплавозам.

А зараз аб арыенцірах, якія бачны далёка навокал. Тут не толькі стары двухпавярховы раён — Сляпянку бачна амаль з усяго Мінска (ну, дзе ёсць высокія дамы ці яшчэ што падобнае). Раней тут самымі высокімі былі два інтэрнаты, абліцаваныя пад чырвоную цэглу. Іх так і звалі «чырвонымі». Бачна іх было здалёк, але апошнім часам падраслі некалькі шматпавярховікаў, ды і адзін інтэрнат расфарбавалі ў больш вясёлыя колеры. Убачыце на гарызонце такія абрысы — гэта і ёсць Сляпянка. Завітвайце!


Вось прыгадаеце яшчэ — на гэтым доме калісьці будзе ганаровая дошка. Тут жыў і яшчэ доўга будзе жыць адзін з выбітных беларусаў сучаснасці. Хто? Пакуль няхай будзе сакрэтам!

_belarus_minsk_sljapjanka_sakret_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


Ну і на развітанне — наш традыцыйны шпацыр проста па навакольных мясцінах. Сляпянка любіць гасцей!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. 


Бывайце здаровы! Замаўляйце нам месцы, якія хацелі б пабачыць!