Асобная думка. Гальштук у кішэні
Надышоў чарговы верасень, калі зранку купкі пазяхаючых дзяцей і падлеткаў павольна крочаць у напрамку бліжэйшай школы. Штогод «клапатлівае» чынавенства на чале з «галоўным настаўнікам» імкнецца зрабіць з навучальных установаў фабрыкі біямасы, дзе прадукт — у аднолькавым адзенні і з аднолькавым наборам штампаў у галовах. І калі з адзеннем яшчэ можна штосьці прыдумаць, то з галовамі дагэтуль нічога не атрымліваецца.
Хтосьці можа пачаць спрачацца і паказваць справаздачы з дзяржТБ і тэлеграм-каналаў, у якіх паказваюць, як «радасныя»дзеці і падлеткі махаюць сцяжкамі і пляскаюць у далоні на рознага кшталту мерапрыемствах, прысвечаных чарговаму «святу». Спяваюць гімн, чытаюць вершы і гэтак далей. Але чамусьці аператары не здымаюць тое, як заканчваюцца гэтыя мерапрыемствы і якімі задаволенымі з гэтай нагоды разыходзяцца дзеці. Сцяжкі здаюцца пільнаму класнаму настаўніку да наступнага разу, а гальштукі пакідаюць шыі ў першым жа двары. Нічога новага ў гэтым няма, гэта ўсё адбывалася і 10, і 20, і нават 40 гадоў таму.
Я вельмі добра памятаю, як на пачатку 1980-х урачыста прымалі ў акцябраты вучняў малодшай школы. Для дзяцей гэта сапраўды было святам, бо ўжо адрознівала ад «дзетсадаўцаў» — розніца ў 1-2 гады ў гэтым узросце была і ёсць даволі істотнай у адносінах паміж сабой. Тады таксама дарослыя і важныя мужчыны і жанчыны нешта там казалі ў працэсе цырымоніі, але ж іх словы праляталі ад вуха да вуха з хуткасцю святла.
Потым, калі мы скончылі пачатковую школу, была нібыта «добраахвотная» піянерская арганізацыя, значкі з «хлопчыкам Валодзем» змянілі кавалкі чырвонай тканіны, але ж дакладна памятаю, што асаблівага імпэту гэта ўжо не выклікала. Прамовы тых жа ўрачыста апранутых дарослых людзей таксама заставаліся недзе ў паветры.
З камсамолам цягам апошніх двух школьных гадоў вырашыў звязацца толькі адзін чалавек з класа (стараста і нязменная старшыня піянерскай дружыны). Гэта быў канец 1980-х і пачатак 1990-х — у камсамол тады нікога не заганялі, і ён хутка памёр.
Як і сёння, цягам вучобы ў школе мы хадзілі на дэманстрацыі 1 траўня, збіралі макулатуру, сядзелі на ўрачыстых пасяджэннях піянерскай дружыны, слухалі прамовы важных гасцей, але думка была адна: «Хутчэй бы гэта скончылася, ну!» Вельмі добра памятаю, як у класе сёмым ці восьмым добрая палова класа выходзячы са школы здымала піянерскія гальштукі і засоўвала іх у кішэні. Тое ж самае бачу і сёння — гісторыя заўсёды паўтараецца, калі яе ўрокі старанна ігнаруюцца.
Можна колькі заўгодна ляпіць паўсюль выявы дзяржаўных герба і сцяга, можна хоць кожны дзень па некалькі разоў спяваць гімн, штотыдзень ладзіць урачыстую лінейку з выступленнем чарговага ветэрана Кулікоўскай бітвы, ды шмат чаго яшчэ можна... Але ж бессэнсоўна. Справа ў тым, што дзеці вельмі добра адчуваюць фальш. Рэакцыя на яе розная — ад адкрытага супрацьстаяння да прыняцця і спробы падстроіцца, каб «зрабіць прыемнае» настаўніку і бацькам ці проста дзеля добрых адзнакаў. Найбольш распаўсюджана «дуля ў кішэні» — вонкава гэта звычайны вучань, але ж па розным дробязям бачна ягонае глыбока прыхаванае адмаўленне ад прапагандуемых «каштоўнасцей». І калі падлетак пакуль нічога не можа зрабіць з прымусам удзельнічаць у так званых «урачыстых мерапрыемствах», то ў вольны час ніхто яму не забароніць слухаць і чытаць тое, што яму сапраўды цікава.
Менавіта з гэтай нагоды сённяшняе чынавенства ад адукацыі імкнецца скараціць гэты вольны час. Але не вельмі атрымліваецца, і амаль адразу пасля ўрокаў хуткаплынныя ручайкі хлопчыкаў і дзяўчынак разбягаюцца па дварах, на хаду расшпільваючы казённыя пінжачкі і выцягваючы вонкі кашулі, якія зранку старанна былі запраўлены ў нагавіцы і спадніцы. Так, яны шмат «сядзяць у тэлефонах», бавяць час на рэчы, якія нам здаюцца нікчэмнымі, стасуюцца паміж сабой нейкай «птушынай» мовай. Як толькі нешта падобнае будзе гатовае сарвацца ў вас з языка, то не спяшайцеся. Прыгадайце сябе ў гэтым узросце. Як цікава было паслухаць здабытую касету з альбомам Озі Озбарна ці AC/DC (хоць і шматразова перазапісаную) замест нафталінавага канцэрту па першай праграме тэлевізара, як абменьваліся фота і постэрамі забароненых заходніх музычных гуртоў, як (жах!) напільнікам шмаргаталі акцябрацкую зорку, пакуль яна не рабілася суцэльна сталёвага колеру — модна было. І абавязкова прыгадайце, як на гэта глядзелі вашыя бацькі і што казалі, калі даведваліся. Потым ужо былі самвыдатаўскія зашмальцаваныя старонкі «Дзяцей Арбата» ды іншы андэграўнд.
І гэта ў нас яшчэ інтэрнэту не было! А ў іх ёсць. І яшчэ ёсць цікавасць да ўсяго, імкненні і жаданні, прага новага. Самае галоўнае — не лічыць іх неразумнымі і не хлусіць ім. На жаль, у так званых «навучальных установаў» гэта не атрымлівалася ні 40 гадоў таму, ні цяпер. І не атрымаецца ніколі.