Арыштавалі Зарыну Канапацкую — даследчыцу беларускіх татараў

Сілавікі затрымалі Зарыну Канапацкую, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Даследчыца рыхтавала да абароны доктарскую дысертацыю.

Зарына Канапацкая. Фота Марата Гаравога

Зарына Канапацкая. Фота Марата Гаравога

Сёння набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў «палоннае» відэа з Зарынай Канапацкай.

Зарына — старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стст. і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Як адзначыла сама Канапацкая ў «палонным» відэа, працаваць там яна ўжо, хутчэй за ўсё, не будзе.

Сілавікі ў праўладным тэлеканале пішуць, што даследчыца і прадстаўніца татарскай нацыянальнай меншасці Беларусі «чытала і распаўсюджвала самыя гідкія экстрэмісцкія матэрыялы, удзельнічала ў беспарадках, незаконных акцыях». І абураюцца «няўдзячнасцю» беларускай дзяржаве, якая нібыта для Зарыны «даже организовывала командировки в ЕС в 2022 году в полувражеский Европарламент».

Зарына Канапацкая ў 2005 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Татары Беларусі і іх культура (XIV-XVIII стагоддзя)». 11 гадоў, да чэрвеня 2023 года, працавала выкладчыцай у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, на факультэце сацыякультурных камунікацый Белдзяржуніверсітэта, у 2011 годзе атрымала вучонае званне дацэнта.

Глядзіце таксама

Канапацкая доўгія гады даследавала гісторыю, культуру, рэлігію, рукапісы беларускіх татараў, апублікавала больш за 100 навуковых прац. Яе бацька, Ібрагім Канапацкі, прадстаўнік шляхецкага роду беларускіх татараў, быў таксама вядомым даследчыкам беларускіх татараў, выкладчыкам БДПУ, культурным і рэлігійным дзеячам ісламскай меншасці ў Беларусі.

З 2006 года Зарына Канапацкая з'яўляецца сябрам Асацыяцыі ісламскіх рукапісаў, сябрам Камітэта па захаванні і рэстаўрацыі рукапісаў пры Цэнтры вывучэння Сярэдняга Усходу універсітэта Кембрыджа.

Зарына ганараваная мноствам узнагарод, сярод якіх — юбілейны медаль «625-годдзе пасялення татараў на землях Беларусі, Літвы і Польшчы» Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама грамата Камітэта па працы з татарскімі краязнаўцамі выканкама Сусветнага кангрэса татараў, РГА «Таварыства татарскіх краязнаўцаў» Рэспублікі Татарстан, якія Канапацкая атрымала ў 2023 г.

Даследчыца рыхтавала да абароны доктарскую дысертацыю.


Глядзіце таксама