Анжэліка Борыс апублікавала першы пост пасля пераводу пад хатні арышт
У допісе яна павіншавала вернікаў з Вялікаднем.
Старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжэліка Борыс апублікавала першы пост пасля пераводу пад хатні арышт.
«Дарагія сябры і знаёмыя, няхай уваскрэслы Езус напоўніць вашы сэрцы любоўю і светам, хай ён ператворыць кожны смутак у радасць, а кожны неспакой у шчасце і надзею на лепшае заўтра. Здаровы і мірны свет!!! Дзякуй ад усяго сэрца за падтрымку, Салідарнасць і малітву», — напісала Анжэліка Борыс.
Нагадаем, старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжэліка Борыс — палітзняволеная, якая была затрыманая па так званай «справе палякаў» (за правядзенне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасці). За кратамі Анжэліка правяла амаль год, але ў сакавіку 2022 г. яе нечакана перавялі пад хатні арышт. Прашэнне аб памілаванні Анжэліка Борыс не пісала.