Лілія Ананіч: “Відавочная заангажаванасць пэўных рэсурсаў”

СМІ не павінны скажаць інфармацыю, заявіла на сустрэчы з прэс-сакратарамі дзяржструктур міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.



ananich0303_8letk.jpg

“Сёння відавочная заангажаванасць пэўных рэсурсаў. І колькі іх ні падсілкоўвайце інфармацыяй, яны ўсё роўна пераставяць яе ў іншую плоскасць, гэта іх задача. Гэта мой пункт гледжання”, — сказала міністр.

У гэтым кантэксце роля прэс-сакратара зводзіцца і да таго, каб адсочваць, якая інфармацыя даводзілася, скажоная яна ці не, калі скажоная, то прынцыпова ці не, адзначыла Лілія Ананіч.

“У адрас Міністэрства інфармацыі паступалі звароты нават не наконт самога вырванага слова, а тых каментарыяў, якія з'яўляюцца на форумах пасля таго, як гэта слова вырываецца. Ніхто не пазбаўляе СМІ свабоды, у іх роўныя правы на медыйным полі. Але трэба пісаць праўду”, — сказала міністр.

У прыклад яна прывяла папярэджанне NN.BY за размяшчэнне “недакладнай статыстычнай інфармацыі”.

“Цяпер спрабуюць напісаць, што інфармацыя была размешчана ў рубрыцы “Меркаванні”, а двойчы было напісана добра. Але можна хоць пяць разоў напісаць добра, але быць дакладнымі вы абавязаны заўсёды. Калі ж нехта такое меркаванне выказаў, рэдакцыя павінна ўбачыць і выправіць, бо ўсякае слова мае афарбоўку”, — сказала Лілія Ананіч.

Паводле: nn.by