Аміячны патоп, лужы з памыямі і зыбучыя пяскі па-беларуску: Чым запомніўся другі месяц «года якасці»
«Якасць» працягвае крочыць па беларускіх населеных пунктах, захапляючы гараджан і местачкоўцаў абсалютнай бязладнасцю ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Аглядаем, з якімі праблемамі і здарэннямі сутыкнуліся беларусы ў апошні месяц зімы.
Люты ў Беларусі пачаўся з марознага паветра і прыемных
снежных краявідаў, якіх вельмі не хапала напачатку сезона. Але ж беларускі
камунальнік — гэта такі сабе Грынч-выкрадальнік зімовага цуда, які ў імгненне
ператварае беласнежныя гурбы ў сумесь бруду «чароўнай» рыдлёўкай.
Хаця ўсе заходнія суседзі перайшлі ды паспяхова абслугоўваюць вуліцы гранітным крышывам ці рэагентамі, якія не брудзяць асяроддзе, у Беларусі камунальныя службы ўсіх гарадоў дагэтуль працягваюць выкарыстоўваць пясок ці, калі пашчасціць з бюджэтам, сумесь пяска з соллю.
Рэжым, не здольны забяспечыць здаровае функцыянаванне
камунальнага сектару неабходным абсталяваннем, прыладамі, тэхнікай і
супрацоўнікамі, усё часцей прыцягвае да работ асоб, якім інкрымінуецца
адміністратыўныя правапарушэнні і грамадзян, што стаяць на ўліку ў крымінальнай
інспекцыі. У якасці інструмента яны атрымліваюць самаробны інвентар, тачку
пяска — і наперад, любіць радзіму.
Безумоўна, канцэпцыя «ну маглі ж зусім не пасыпаць» тут не
працуе, бо якаснае абслугоўванне дарог і тратараў — першарадная задача ўладаў,
якая забяспечвае бяспеку і камфорт руху ў зімовую пару. Гаворкі пра прыцягненне
школьнікаў, студэнтаў каледжаў і ўніверсітэтаў да такіх работ відавочна ісці не
можа, але іх эксплуатацыя ў прыбіранні населеных пунктаў — агульнавядомы для
Беларусі факт, які зусім не бянтэжыць іх бацькаў-падаткаплацельшчыкаў.
Дзіўныя справы адбываюцца ў Гомелі! Сумесна з безадказнымі службамі абслугоўвання гарадскога асяроддзя туташні будынак здзейсніў аж дзве спробы замаху на забойства!
Напачатку лютага з даху збудавання абрынулася вялізная глыба лёду і прызямлілася на ажыўлены тратуар, пры гэтым ніякай агароджы на месцы не было.
— Я была за метры пяць ад месца здарэння. Перада мной ішлі мужчына з жанчынай і груда лёду пачала падаць на іх, на шчасце яны паспелі праскочыць. Будзьце асцярожныя, — піша чытачка Telegram-канала «Беларусь за МКАДам».
Мінула некалькі тыдняў, снег з паўднёвага горада сышоў, і
замахальнік зрабіў другую спробу: на гэты раз кавалкамі тынкоўкі з фасаду. Мы
хутчэй за ўсе не звярнулі б ўвагу на гэтыя інцыдэнты, калі б не адметны фактар:
будынак знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна. Гэта
літаральна самае цэнтральнае і найбольш загружанае скрыжаванне горада, дзе ў
час пік ці падчас вечаровых прагулянак збіраюцца натоўпы людзей. Трымаць у
такім стане галоўную вуліцу — проста злачынства і жах.
12 лютага на прадпремтстве ў вёсцы Прыяміна Барысаўскага раёна ўтварылася прабоіна рэзервуару з калійна-аміячнай сумессю.
МНС ўстанавіла, што ў выніку парушэння цэласнасці металу вылілася каля 10 тон атрутнага рэчыва. Ратавальнікі стварылі пенную падушку і наклалі бандаж на запорную арматуру, што дазволіла ўхіліць цечу. Паводле праўладнага мясцовага выдання «Адзінства», перавышэння крытычна дапушчальнай канцэнтрацыі хімічна небяспечных рэчываў не зафіксавана.
Беларусы працягваюць адзначаць жудасны стан дарог па ўсёй
краіне: гэта тычыцца як міжнародных аўтамагістраляў, так і прыватных сектараў,
дзе часам увогуле немагчыма праехаць на звычайным аўтамаблілі.
Так, напрыклад, жыхары аднаго з двароў у Драгічыне на Берасцейшчыне вымушаны змагацца з патопамі самастойна, бо камунальныя службы не рэагуюць на іх скаргі. Местачкоўцы скардзяцца, што вялізныя лужыны, у якіх немагчыма прыпаркаваць аўтамабіль, прысутнічаюць практычна цэлы год акрамя часу маразоў і засухі.
Яшчэ больш пагаршае становішча тое, што ўсе ліўнёўкі з прыватных хат накіраваныя ў іх двор, таму вада напоўнена смеццем, памыямі і брудам. Шчыра, усё гэта выглядае як тыповы пейзаж з умоўнай Чыты ці Нарыльска, але не — такое магчыма ў «год якасці» у 100 кіламетрах ад мяжы з Еўразвязам.
Напрыканцы месяца, 27 лютага, МНС паведаміла, што у пасёлку
Дружны, што знаходзіцца непадалёк ад сталіцы, у брудзе ледзь не загінула
школьніца, якая вярталася дадому. Па словах мясцовых жыхароў, якія сталі
сведкамі інцыдэнту, цяпер у іх раёне знаходзіцца будпляцоўка, ля якой хадзіць
надзвычай небяспечна. Па-першае, будоўля ніяк не абгароджана, а па-другое, праз
пацяпленне там усюды поўна вады, таму нават звычайны бруд ператвараецца ў
«зыбучыя пяскі», якія могуць зацягнуць у сябе дарослага чалавека. Менавіта ў
гэтай пастцы ледзь не патанула дзяўчынка.
Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні
2024 года Годам якасці».
«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населенных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.