«Амаральнасць ва ўсёй красе!» Суд прызнаў законным звальненне знакамітага гісторыка БелДУТ
У Гомелі абласны суд прызнаў законным звальненне знакамітага гісторыка БелДУТа Яўгена Малікава.
Гомельскі суд адхіліў апеляцыйную скаргу звольненага гісторыка БелДУТа Яўгена Малікава. Калегія ў складзе трох суддзяў палічыла, што выкладчык быў звольнены «згодна з законам», паведамляе gomel.today.
З нагоды сваёй беспаспяховай спробы аспрэчыць звальненне гісторык згадвае знакамітае «часам не да законаў». «Вось так і жывём. А да вясны засталося тры дні», — каментуе судовае рашэнне Яўген Малікаў.
Нагадаем, вядомага гомельскага гісторыка Яўгена Малікава, які адпрацаваў 16 гадоў выкладчыкам у БелДУТ, звольнілі ў лістападзе мінулага года.
Афіцыйная прычына — парушэнне працоўнай дысцыпліны. Малікава звольнілі па артыкуле за дзве вымовы, якія былі вынесеныя на працягу васьмі дзён — 11 і 18 лістапада. Першая тычылася допіса ў сацсетках, другая — за тое, што «можа аказаць негатыўны ўплыў на выхаваўчы працэс са студэнтамі».
Раней у гісторыка за 16 гадоў не было наогул аніводнай санкцыі.
Усё пачалося з верасня, калі Яўген Малікаў атрымаў 5 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту. У абарону выкладчыка тады выйшлі студэнты.
Пасля свайго звальнення ў лістападзе 2020 года, якое выкладчык называе незаконным, ён звярнуўся ў суд, на рашэнне якога затым падаў апеляцыю.
Зараз Яўген Малікаў паведаміў на сваёй старонцы «ВКонтакте», што ў апеляцыі яму адмоўлена.
«Амаральнасць ва ўсёй красе!» — так каментуе судовае пасяджэнне гісторык.
«І трэба прызнаць, што ўсе пачутыя мною ў гэтым судзе "аргументы" прадстаўнікаў БелДУТа на маю апеляцыйную скаргу маюць такі маніпулятыўны характар: што зручна — выпячваем, што не зручна — абыходзім», — адзначае Яўген Малікаў.
Паводле gomel.today