Алесь Пушкін: Народу трэба хлеба і відовішчаў. А грошай няма

Мясцовыя ўлады мястэчка Бобр (Крупскі раён) звярнуліся да мастака Алеся Пушкіна з просьбай дапамагчы правесці святкаванне 500-годдзя населенага пункта.

Фота Антона Сурапіна

Фота Антона Сурапіна


Два тыдні таму да Алеся Пушкіна і яго жонкі, настаўніцы Яніны Аляксандраўны, прыйшло запрашэнне ад старшыні Боборскага сельсавета Уладзіміра Загорскага прыняць удзел у паседжанні аргкамітэта па святкаванні 500-годдзя мястэчка.
— Сказаць, што я здзівіўся, — нічога не сказаць, — распавёў «Салідарнасці» Алесь Пушкін.
Справа ў тым, што вышэйназваны старшыня сельсавета два гады таму ў Дзень Волі сарваў з падрамніка карціны мастака Алеся Пушкіна выяву герба «Пагоня» і разламаў яго.
Прыйшлося пісаць у Следчы камітэт аб узбуджэнні крымінальнай справы па факту вандалізма ў адносінах да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
— Але ўлада не стала крыўдзіць свайго чыноўніка. Справу закрылі, і ён пазбегнуў суда. Маю зламаную карціну аддалі на экспертызу ў Міністэрства культуры, адкуль прыйшоў адказ: герб «Пагоня» з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а тое, што намаляваў Пушкін — не, — распавёў мастак.


На паседжанні аргкамітэта акрамя Алеся Пушкіна і яго жонкі прысутнічалі: дырэктар мясцовай школы, камандзір вайсковай часткі, былы старшыня сельсавета, ксёндз, бацюшка і пастар.
— Старшыня Бобрскага сельсавета Уладзімір Загорскі звярнуўся да нас з прамовай. Сказаў, што прынята рашэнне святкаваць 500-годдзе мястэчка, але грошай няма і папрасіў дапамагчы, хто чым можа. Мы прыйшлі падрыхтаванымі. Жонка напісала цудоўную гістарычную даведку пра Бобр, а я свае прапановы паклаў у пісьмовым выглядзе на стол, — адзначыў Алесь Пушкін.
 

bobr1.jpg


Мастак пагадзіўся актыўна дапамагаць ў арганізацыі свята. Ён гатовы зладзіць мастацкую выставу, запрасіць у Бобор музыкаў і рамеснікаў. Але пры выкананні дзвюх умоваў.
— Я прапанаваў: каб свята ўдалося, давайце яго не будзем палітызаваць, не будзем выкарыстоўваць для таго, каб пахваліць «геніяльную» ўладу, якая быццам бы вядзе нас правільным шляхам. Другая ўмова: каб свята праводзілася на беларускай мове, — распавёў Алесь Пушкін.

Свята ў Бабры запланавана на 25–26 чэрвеня. Мастак пакуль не ведае, што вырашылі мясцовыя ўлады, але, калі святкаванне будзе праводзіцца па-руску, ён удзельнічаць у ім не будзе.


Гэта было б дзіўна, улічваючы, што Бобр па апошнім перапісе ўвайшоў у дзясятку самых беларускамоўных мястэчак краіны.
Нечаканую прапанову ўдзельнічаць у арганізацыі мерапрыемства Алесь Пушкін тлумачыць так:
— Народу трэба хлеба і відовішчаў. А грошай няма. Таму, ведаючы пра наш патрыятызм і жаданне нешта рабіць для мястэчка (у свой час я бясплатна распісаў мясцовую царкву, якая, на жаль, затым згарэла), улады прыйшлі да нас, нягледзячы на навешаны раней ярлык апазіцыі.

gazetaby.com