Актывіст Юрый Рубцоў абскардзіў адмову ў палітычным прытулку ў Нямеччыне

Актывіст з Гомля Юрый Рубцоў лічыць, што ў Беларусі яму пагражае крымінальны пераслед, таму вяртацца на радзіму не збіраецца. Рубцову адмовілі ў палітычным прытулку ў Нямеччыне напачатку чэрвеня.

rubtsou_.jpg

«Адзін журналіст нагадаў мне, што я быў у Беларусі на прафілактычным уліку, а затым яго парушыў. Стала відавочным, што, калі вярнуся, то мне «свеціць» рэальны тэрмін зняволення. У Нюрнбергу, дзе я зараз знаходжуся, ёсць філіял арганізацыі Amnesty International, дзе мне і парэкамендавалі абскардзіць рашэнне нямецкіх уладаў. Больш за тое — гэтая арганізацыя знайшла мне адваката, які і будзе займацца гэтай справай. Апеляцыю мы падалі своечасова, таму зараз застаецца толькі чакаць суда, які і вынесе рашэнне. Такім чынам, я ізноў у чаканні», — паведаміў Рубцоў у інтэрвʼю palitviazni.info.
Нагадаем, што Юрый Рубцоў стаў вядомы як «чалавек-майка». На вулічныя акцыі апазіцыі ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі, самай вядомай з якіх стаў лозунг «Лукашэнка, сыходзь!». У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на 2,5 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, абвінаваціўшы ў абразе суддзі. Ужо падчас адбыцця пакарання ў дачыненні да палітвязня была распачатая новая крымінальная справа («ухіленне ад адбыцця пакарання»), згодна з якой у траўні 2015-га Юрыя Рубцова асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. У жніўні 2015-га яго памілаваў Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў зʼехаў у Нямеччыну, дзе папрасіў палітычнага прытулку.
Паводле belsat.eu