Ад Генпракуратуры патрабуюць праверкі законнасці дзеянняў МУС

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) накіраваў у Генеральную пракуратуру Беларусі заяву з патрабаваннем аб правядзенні праверкі законнасці дзеянняў дзяржаўных органаў падчас мірнага сходу грамадзян, прысвечанага святкаванню Дня Волі 25 сакавіка.

lawtrend.jpg


У заяве, размешчанай на сайце цэнтра, пералічаныя парушэнні, дапушчанымі органамі ўлады. У прыватнасці ўказваецца, што Мінгарвыканкам парушыў тэрміны выдачы дазволу аб правядзенні мірнага масавага мерапрыемства; больш за 700 чалавек было затрымана супрацоўнікамі МУС, да многіх мітынгоўцаў і выпадковых грамадзян выкарыстоўвалася грубая фізічная сіла.
"Гэтыя дзеянні былі відавочна неадпаведныя, бо затрыманыя грамадзяне не аказвалі супраціўлення супрацоўнікам міліцыі, пра што сведчаць шматлікія фотавідэаматэрыялы", — гаворыцца ў заяве.
Больш за 60 праваабаронцаў і актывістаў, якія планавалі весці назіранне падчас акцыі, былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАП без растлумачэння прычын і з парушэннем міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь. З 12 па 25 сакавіка зафіксавана больш за 80 выпадкаў затрымання супрацоўнікамі МУС журналістаў пры выкананні імі прафесійных абавязкаў.
Акрамя таго, Lawtrend звяртае ўвагу Генпракуратуры на публікацыі ў дзяржаўных СМІ недакладнай інфармацыі, якая ганьбуе годнасць удзельнікаў мірнага сходу, а таксама прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці.
"На падставе вышэйпададзенага Цэнтр прававой трансфармацыі патрабуе правядзення праверкі адпаведнасці дзеянняў дзяржаўных органаў, упаўнаважаных у прыняцці рашэнняў і ажыццяўленні дзейнасці па ўказаных пытаннях, а таксама дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку яе міжнародным абавязацельствам, — гаворыцца ў заяве. — Мы таксама патрабуем правядзення праверкі законнасці расходаў бюджэту Рэспублікі Беларусь у сувязі з тым, што падчас мірных масавых мерапрыемстваў у краіне зафіксаваная вялікая колькасць ваеннай спецыялізаванай тэхнікі".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН