768 грамадзян Беларусі атрымалі дазвол на ўезд у Літву па гуманітарных меркаваннях
Загадам міністра ўнутраных спраў Літвы з 11 жніўня па 28 снежня грамадзянам Беларусі выдадзена 768 дазволаў на ўезд у Літоўскую Рэспубліку з асаблівымі гуманітарнымі мэтамі, з якіх 353 грамадзяніна Беларусі ўжо знаходзяцца ў Літве, а 76 грамадзян Беларусі падалі хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку.
Такі дазвол міністра ўнутраных спраў выдаецца пасля атрымання матываванай прапановы Міністэрства замежных спраў аб уездзе замежніка ў Літоўскую Рэспубліку па асаблівых гуманітарных прычынах (напрыклад, з-за палітычных абставінаў або іншых пагроз). Такія дазволы выдаюцца грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэжыму і рэпрэсій ці актыўным апазіцыянерам, якія церпяць пераслед.
«Прайшло больш за 4 месяцы з моманту выбараў у Беларусі, людзі па-ранейшаму звяртаюцца па дазвол на ўезд у Літву, і колькасць тых, хто просіць палітычнага прытулку, расце. Гэта азначае, што гэтыя людзі хочуць застацца ў Літве надоўга і будаваць тут сваё жыццё», — кажа міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.
Літва з 11 жніўня прадастаўляе льготы і выдае дазволы на ўезд грамадзянам Беларусі па гуманітарных прычынах. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць заехаць у Літоўскую Рэспубліку па асаблівых гуманітарных прычынах, павінны звярнуцца ў Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі для выдачы шэнгенскай візы і прадаставіць інфармацыю, якая пацвярджае асаблівыя гуманітарныя прычыны. Шэнгенская віза дазваляе ўезд на тэрыторыю Шэнгенскай дамовы і знаходжанне на працягу перыяду, названага ў візе, але не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд з даты першага ўезду на тэрыторыю дзяржаваў-удзельніц Шэнгенскага пагаднення.
Апроч іншага, грамадзяне Беларусі могуць прыехаць у Літоўскую Рэспубліку і падаць заяву аб прадастаўленні прыстанішча, калі яны адчуваюць, што іх пераследуюць або існуе рэальная пагроза іх бяспекі і жыцця. Замежнікі могуць падаваць прашэнні аб прадастаўленні прытулку ў пункт памежнага кантролю, Дзяржаўную памежную службу або Дэпартамент міграцыі. Пасля разгляду хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку прадастаўляецца адна з формаў прытулку — статус бежанца або дадатковая абарона і выдаецца від на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы.
vrm.lrv.lt