З 1 чэрвеня 2023 года не будзе «Зялёнай карты». Як выехаць за мяжу з Беларусі?
З 1 чэрвеня 2023 года больш за 30 краін разрываюць пагадненне з Беларуссю па страхаванні «Зялёная карта» — міжнародная страхоўка аўтаўладальнікаў, якая дзейнічае ў 47 краінах. Страхоўка ідзе на пакрыццё шкоды, нанесенай у ДТЗ падчас знаходжання ў краінах пагаднення. Беларусь была ў пагадненні 20 гадоў — з 2003 года.
Аднак пасля пачатку вайны, у красавіку 2022 года, Украіна выйшла з пагаднення па гэтых страхоўках з Беларуссю і Расіяй. Летась улетку праз санкцыі яшчэ блізу 30 еўрапейскіх краін заявілі, што на іх тэрыторыі дзеянне гэтай страхоўкі для аўтаўладальнікаў (беларусаў і расійцаў) спыніцца. Але з адтэрміноўкай на год — «Зялёная карта» для Беларусі перастае дзейнічаць з 1 чэрвеня 2023 года.
Як гэта адаб'ецца на простых падарожніках і ў цэлым на краіне?
Краіны, у якіх спыніць дзейнічаць «Зялёная карта» з 1 чэрвеня
Акрамя Украіны, цяпер пагадненне разрываюць Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Швейцарыя, Эстонія.
Што кажуць памежнікі і страхавальнікі
На «гарачай лініі» Дзяржпагранкамітэта Беларусі на пытанне «як паўплывае адмена “зялёнай карты” на перамяшчэнні беларусаў за мяжу» адказалі, што нічога пра гэта не ведаюць.
«У нас пакуль яшчэ такой інфармацыі няма. Таму нічога не магу каментаваць», — адказалі на «гарачай лініі».
Такі адказ здзівіў — таму што ў пунктах страхоўшчыкаў перад мяжой цяпер можна сустрэць аб'явы, што «Зялёная карта» перастане працаваць. Але пакуль там няма ніякай інфармацыі, як ехаць беларусам з 1 чэрвеня. Толькі сам факт, што пагадненне разрываецца.
На «гарачай лініі» «Белдзяржстраху» растлумачылі: «Так, пагадненне скасаванае. Значыць, пры перасячэнні мяжы будзеце заключаць дагаворы на тэрыторыі той краіны, куды будзеце ўязджаць. У нас няма такой інфармацыі, але, напэўна, так».
Ці страцяць простыя беларусы?
Цяпер беларус, які едзе на легкавым аўтамабілі, афармляе на радзіме «Зялёную карту» за 50 еўра на месяц. На 15 дзён кошт 30 еўра. Калі на аўтобусы — 160 еўра на месяц. Па логіцы рэчаў, страхоўку грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікам прыйдзецца афармляць у краіне, куды выязджаеш, без яе пагражае штраф.
Аднак аказваецца, што, напрыклад, у Польшчы, страхоўку будзе купіць яшчэ танней. Як распавяла супрацоўніца польскай страхавой кампаніі Reso, страхоўка на месяц будзе каштаваць 163 злотых. Па курсе Нацбанка Беларусі цяпер гэта — крыху больш за 35 еўра. І гэтая страхоўка, набытая ў Польшчы, будзе сапраўдная на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза.
Атрымліваецца, што звычайным аўтааматарам з Беларусі выхад з «Зялёнай карты» нават выгадны.
Паводле Белнавіны