Полацкія прадпрымальнікі папярэджваюць: страйк можа перакінуцца на іншыя рэгіёны

Двухдзённы страйк прадпрымальнікаў Полацка завяршыўся часовым перамір’ем паміж прадпрымальнікамі і вертыкаллю. Прадпрымальнікі збіраюць подпісы да старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука з патрабаваннем абвясціць мараторый на праверкі, якія сумесна ладзяць прадстаўнікі міністэрства па падатках і АБЭЗ.



polack_ip.jpg

Фота belsat.eu

Прадпрымальнікі папярэджваюць, што падобныя хваляванні могуць перакінуцца на іншыя рэгіёны Беларусі і набыць зусім іншыя маштабы, выклікаўшы сацыяльны выбух.

16 кастрычніка каля 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынка пачалі стыхійны страйк супраць масавых праверак.

Праверкі пачаліся яшчэ 13 кастрычніка, адразу пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў. Штодня падатковая інспекцыя разам з АБЭЗ правярала па шэсць прадпрымальнікаў, якіх штрафавалі і нават канфіскоўвалі тавар. Падатковая аб’явіла, што накладныя, якія прадпрымальнікі атрымліваюць у Расіі, несапраўдныя.

Цярпенне прадпрымальнікаў скончылася 16 кастрычніка апоўдні. Пасля новай праверкі прадпрымальнікі зачынілі свае працоўныя месцы, не давалі кантралёрам запаўняць дакументы, прасілі АБЭЗ і падатковую інспекцыю выйсці з ралетаў.

17 кастрычніка дэлегацыя прадпрымальнікаў сустрэлася з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандрам Каладзінскім, які параіў ім шукаць праўды ў судзе.

18 кастрычніка на сходзе каля 200 прадпрымальнікаў пастанавілі спыніць страйк і пачалі збор подпісаў да старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука з патрабаваннем абвясціць мараторый на праверкі.

«Прадпрымальнікі паказалі сябе законапаслухмянымі грамадзянамі, бо актыўна спрабавалі выканаць патрабаванне ўказа №222 «Пра рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», шляхам пошуку пастаўшчыкоў з суправаджальнымі дакументамі. Аднак у момант набыцця тавараў на аптовых рынках Расіі ІП не змаглі вызначыць сапраўднасць накладных фірм-пастаўшчыкоў. Варта адзначыць, што гэтыя дакументы прымаліся падатковымі органамі для налічэнняў і далейшай уплаты бізнесам 20-працэнтнай стаўкі ПДВ. Таму справядліва мелі ўпэўненасць, што прадпрымальнікі дзейнічаюць у межах заканадаўства», — гаворыцца ў звароце. І хаця некаторыя нормы ўказа №222 страчваюць сваю сілу толькі з 1 студзеня 2016 года, улады не сталі чакаць і пачалі праверкі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«ІП вырашылі выйсці на працу, але калі зноў пачнуцца праверкі, пратэсты адновяцца», — адзначыў у каментары «Новаму часу» старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Аднак падобна на тое, што гісторыя са страйкам не завяршылася: ГУУС Полацка вызывае найбольш актыўных прадпрымальнікаў «на гутарку».