Колькі Беларусь зарабіла на расійскай нафце?
На думку экспертаў, менавіта нафтаперапрацоўка магла стаць адным з важных фактараў прыросту ВУП у 2023 годзе. Эканомія Беларусі на імпарце нафты ацэньваецца ў памеры каля 1,9 млрд долараў у 2023 годзе – гэта складае 2,6% ВУП краіны.
Нізкі кошт, па якім наша краіна купляла расійскую нафту, і высокі кошт экспарту прадуктаў з яе дазволіў Беларусі нарасціць свой ВУП у 2023 годзе, піша Thinktanks.by
Аднаўленне экспарту нафты стала важным фактарам прыросту ВУП у 2023 годзе. А коштавая кан'юнктура зрабіла такі экспарт для Беларусі асабліва выгадным, гаворыцца ў экспрэс-аналізе даследчага цэнтра BEROC.
У 2023 годзе Беларусь аднавіла экспарт нафтапрадуктаў да ўзроўняў 2020–2021 гадоў пасля спаду ў 2022 годзе. Паводле ацэнак на аснове ўскосных публічных звестак, беларускія НПЗ перапрацавалі блізу 16 мільёнаў тон нафты ў 2023 годзе (з іх больш за 14 мільёнаў тон — гэта расійская нафта).
З усяго перапрацаванага аб'ёму на экспарт сышло 8,5–9 мілььёнаў тон. На думку экспертаў, менавіта нафтаперапрацоўка магла стаць адным з важных фактараў прыросту ВУП у 2023 годзе «ў сілу значных міжгаліновых эфектаў, генераваных дадзеных сектарам».
Наколькі выгадна было гандляваць нафтапрадуктамі ў 2023 годзе?
У 2022–2023 гадах склалася выгадная для Беларусі сітуацыя з цэнамі на розныя віды нафты. Кошт паставак расійскай нафты ў Беларусь ацэньваецца блізу 440 долараў за тону або 60,5 долараў за барэль у 2023 годзе. Беларусь мела значную зніжку ў кошце паставак расійскай нафты ў супастаўленні з коштам Brent — яе ацэньваюць на ўзроўні 27%.
Такая зніжка стала магчымая ў 2023 годзе, роўна як і ў 2022-м, за кошт пашырэння спрэда Urals і Brent.
Дысконт у 2022 годзе ў параўнанні з 2021 годам вырас адразу на 14 працэнтных пунктаў – да больш чым 30% — і застаўся істотным у 2023 годзе.
У выніку розніца паміж коштам экспарту нафтапрадуктаў і коштам імпарту нафты істотна вырасла. Эканомія Беларусі на імпарце нафты ацэньваецца ў памеры каля 1,9 мільярда долараў у 2023 годзе — гэта складае 2,6% ВУП краіны. У сукупнасці за 2022-2023 гады эканомія дасягнула 3,6 мільярда долараў.
Такім чынам, эксперты кажуць аб вяртанні ў 2022 годзе ў Беларусі «нафтавай рэнты» і захаванні яе ў 2023 годзе.
«Гэтая выгада дазволіла кампенсаваць страту Беларуссю высока маржынальнага рынку Украіны і выдаткі праз павелічэнне транспартна-лагістычнага пляча экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў, што шмат у чым зрабіла магчымым аднаўленне нафтаперапрацоўкі да даваенных паказчыкаў», — тлумачаць эканамісты.
Пры адсутнасці гэтай выгады дэфіцыт знешняга гандлю таварамі быў бы вялікім, ціск на валютны курс узмацніўся, што абмежавала б магчымасці ўладаў па адміністрацыйным стрымліванні коштаў.
Ці будзе Беларусь атрымліваць такія ж даходы ад рэнты ў 2024 годзе?
Аналітыкі чакаюць, што выгада скароціцца. Пры дысконце Urals да Brent у памеры 10–15 долараў у сярэднім у 2024 годзе выгада для Беларусі ад пакупак таннай расійскай нафты скароціцца на прыкладна 0,5–1 мільярда долараў у параўнанні з 2023 годам.
Выніковая сітуацыя будзе залежаць ад сярэдняга кошту нафты на сусветным рынку. Таксама істотную ролю адыгрывае пазіцыя Расіі: Беларусь мае патрэбу ў транспартнай і лагістычнай інфраструктуры суседкі, што зніжае ўстойлівасць экспартных схем паставак і павышае рызыкі іх нечаканых збояў.