Кіраўнік МЗС Аўстрыі кажа пра «магутныя санкцыі» супраць Беларусі і Расіі
Міністр замежных спраў Аўстрыі Александэр Шаленберг распавёў пра санкцыі, якія ЕС рыхтуе супраць Беларусі і Расіі. Гэта будзе чарговы адказ Еўрасаюза на агрэсію супраць Украіны.

Шосты пакет санкцый супраць РФ абмяркоўваецца 4 траўня міністрамі замежных спраў краін ЕС. Чакаецца, што ён закране Беларусь. Па словах міністра, будуць прынятыя «значныя меры», піша Еўрарадыё.
«Значным пунктам з'яўляецца забарона імпарту нафтапрадуктаў і нафты [з Расіі] з адпаведнымі пераходнымі перыядамі, — кажа Шаленберг. — Выключэнне наступных банкаў, асабліва найбуйнейшага расійскага банка "Сбербанк" з сістэмы SWIFT, беларускія банкі таксама ахопленыя».
Кіраўнік МЗС Аўстрыі падкрэслівае, што «асабліва магутныя санкцыі — супраць ваенна-прамысловага комплексу ў Расіі і Беларусі». Будуць уведзены і новыя персанальныя санкцыі. Хто трапіць у чорны спіс, пакуль невядома.
Новыя санкцыі супраць Расіі ўжо анансавала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Пра запланаваныя санкцыі супраць уладаў Беларусі было вядома толькі з неафіцыйных крыніц.