Чаму гародніна ў крамах каштуе так дорага?

Праблема высокіх цэн на гародніну ў крамах — у беларускім клімаце. Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Чаму гародніна ў крамах каштуе так дорага? Бо «ў нас не круглы год лета». Так сказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Ён заявіў, што выдаткі айчынных вытворцаў некаторых відаў агародніны ў зімовы перыяд растуць, што адбіваецца на цане прадукцыі, але ёсць метад, які дапаможа знізіць яе кошт, піша «Myfin».

Па словах кіраўніка МАРГ, зімой агуркоў абароненага грунту ў Беларусі вырошчваюць усяго 30% ад патрэбы, так што ў гэты перыяд асноўны ўплыў на кошт аказваюць імпарцёры.

Багданаў адзначыў, што міністэрства спрабавала прааналізаваць сітуацыю з цэнамі на папулярную гародніну з улікам знешняй кан'юнктуры. Аказалася, што пастаўкі з Турцыі нявыгадныя з-за лагістычных праблем, а ва Узбекістане і Азербайджане здарыўся неўраджай агуркоў. У выніку аказалася, што закупляць гэту гародніну можна было толькі ў расійскіх вытворцаў, што прымусіла цэны пайсці ўверх.


Аднак да канца лютага на беларускіх прадпрыемствах пачынаецца масавы збор агуркоў, што дапаможа цалкам забяспечыць патрэбнасць нашай краіны ў папулярнай гародніне. Акрамя таго, у Расіі гэты працэс пачаўся на тыдзень раней, так што там цана яшчэ ніжэйшая, чым у беларускіх пастаўшчыкоў.

У цэлым міністр лічыць, што з-за геаграфічных і кліматычных асаблівасцей айчынныя вытворцы зімой сутыкаюцца з дадатковымі выдаткамі на ацяпленне і даасвятленне цяпліц пры вырошчванні гародніны абароненага грунту, з-за чаго расце яе сабекошт.

«Што тычыцца гародніны закрытага грунту, дапаможа толькі адно — павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці, выхад тавару з аднаго метра квадратнага. Тады сабекошт адпаведна будзе размяркоўвацца на большы аб'ём, і цана будзе ніжэй», — адзначыў Багданаў.

Аляксей Багданаў паведаміў, што ў стабілізацыйных фондах пад поўную патрэбу было закладзена 144,6 тысячы тон плодаагародніннай прадукцыі (так званы «набор на боршч» і яблыкі) — гэта на 29% больш, чым летась. Аднак кошты ўсё роўна могуць павялічвацца з-за таго, што існуюць значныя выдаткі на захоўванне гародніны і садавіны.

Тым не менш, заявіў Багданаў, у 2023 годзе на гародніну са стабілізацыйных фондаў кошт знізіўся на 25-55%, за выключэннем яблыкаў і цыбулі – для іх ён застаўся на ўзроўні мінулага года.


Нагадаем, днямі «НЧ» пісаў, што перац у крамах каштуе больш за 30 рублёў. Што да агуркоў, то іх кошт у Беларусі даходзіць да 16 рублёў. На мінулым тыдні па гэтым пытанні быў вымушаны апраўдвацца міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Чыноўнік патлумачыў грамадзянам, што трэба толькі пачакаць да канца лютага — і цана на агуркі стане нармальнай.