Беларусь прапануе Расіі поўнае зняцце экспартных пошлін на нафтапрадукты
Лукашэнка сцвярджае, што страты Беларусі ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ могуць скласці больш за $1 млрд. Такую лічбу ён агучыў, выклікаўшы да сябе на даклад прэм’ера Міхаіла Мясніковіча.
«Як вядома, у Расіі ажыццяўляюць нейкі падатковы манеўр, у выніку якога мы можам страціць усё тое, пра што дамаўляліся ў мінулым годзе з Расійскай Федэрацыяй. Гэта тычыцца пералічэння ў бюджэт Расіі пошлін ад збірання на мяжы па нафтапрадуктах. Наколькі я ведаю, ідуць перамовы, каб гэтую тэму ўрэгуляваць, і яна павінна быць урэгулявана», — пачаў разгон Лукашэнка.
«Гэта ненармальна: не паспелі ўвесці ў дзеянне дамоўленасці, тут іх адмяняем фактычна другой рукой, і ў выніку Беларусь можа страціць велізарную суму сродкаў, больш за $1 млрд», -- цытуе АФН беларускага кіраўніка.
«Мы накіравалі расійскаму боку прапановы па выхаду з гэтай сітуацыі: можа быць ўнясенне адпаведных змяненняў у пагадненне аб парадку залічэння пошлін у бюджэты бакоў ад экспарту нафтапрадуктаў. Мы прапануем ўсе пошліны ў поўным аб’ёме, вывазныя экспартныя мытныя пошліны ад нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расейскай нафты, пакідаць у беларускім бюджэце», — адказаў Мясніковіч, перадае БелТА.
Мясніковіч адзначыў, што гэтая мера можа «ў асноўным перакрыць тыя страты, якія панясе беларускі бок у сувязі з падатковым манеўрам».
«Мы не ўвязваем гэта з тымі $1,5 млрд пошлін, аб якіх была дамоўленасць пакідаць у беларускім бюджэце, не пералічваючы расійскаму боку», — дадаў пры гэтым беларускі прэм’ер.
«Думаю, мы знойдзем з расійскім бокам падыходы, але іх пакуль урад Расійскай Федэрацыі не сфармуляваў. Я звяртаўся з адпаведным лістом на імя старшыні ўрада Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Пакуль адказу па гэтым пытанні мы не маем», — сказаў Мясніковіч.
Ён таксама паведаміў, што ў пятніцу, 3 кастрычніка, адбудуцца перамовы першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі і намесніка старшыні ўрада Расіі Аркадзя Дварковіча па гэтай праблеме.
Кіраўнік урада заўважыў, што ў сувязі з чаканымі стратамі для беларускага бюджэту узнікаюць праблемы з прыняццем бюджэту на 2015 год. Паводле яго слоў, урад практычна завяршыў працу над прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і бюджэтам на будучы год, дакументы ў працоўным парадку перададзены на разгляд у парламент.
«Натуральна, беларускія дэпутаты задаюць ураду цалкам абгрунтаваныя пытанні: як быць з разглядам бюджэту, паколькі ў бюджэце, які мы падрыхтавалі і аддалі ў рабочым парадку для разгляду ў дэпутацкіх камісіях і групах, не прадугледжаны гэты так званы «вялікі падатковы манеўр», які плануе Расійская Федэрацыя», — сказаў Мясніковіч.