«Белнафтахім»: У прыярытэце ў нас забеспячэнне ўнутранага рынку
У канцэрне «Белнафтахім» «Еўрарадыё» пракаментавалі прыпыненне Беларуссю экспарту нафтапрадуктаў, пра што стала вядома ў пятніцу.
Рашэнне гэта вымушанае — з 1 студзеня прыпыненыя пастаўкі ў Беларусь нафты з Расіі і загрузка беларускіх НПЗ зніжана да мінімума.
«Гэта так [пастаўкі спыненыя], — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар “Белнафтахіма” Вольга Спехава. — Гэта звязана з бягучым момантам: у прыярытэце ў нас забеспячэнне ўнутранага рынку нафтай і нафтапрадуктамі. Таму ў нас часовае прыпыненне. У нас ёсць час, каб вырашыць усе пытанні перад тым, як пастаўкі будуць адноўлены».
Як вядома, у канцы 2019-га Беларусь не здолела працягнуць дамовы аб пастаўках расійскай нафты ў 2020 годзе. Аляксандр Лукашэнка даручыў тэрмінова шукаць альтэрнатыўныя каналы паставак нафты. І сапраўды, прапрацоўваюцца пастаўкі "па розных кірунках", а НПЗ працуюць на запасах, якія былі зробленыя ў снежні. Таксама ідзе актыўная праца па новых кантрактах па пастаўках расійскай нафты.
euroradio.fm