«Беларуская эканоміка так доўга сядзіць на крэдытах, што стала як наркаман, які павялічвае дозу»

Нацбанк учора даў справаздачу пра рост сваіх золатавалютных рэзерваў. І быццам бы рост гэтых рэзерваў — прыкмета фінансавага дабрабыту, піша саркастычна-аналітычны тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_novy_czas_logo_1_logo.jpg

Але варта толькі паглядзець узброеным поглядам, і аказваецца, што ніякія рэзервы на самай справе нікуды не выраслі, а проста падаражэлі. А ў тым, што яны падаражэлі, няма ніякай асабістай заслугі Нацбанка. Золатавалютныя рэзервы падаражэлі, таму што падаражэла золата, з якога яны ў асноўным і складаюцца.

І паміж «выраслі» і «падаражэлі» ёсць прынцыповая розніца. Сэнс рэзерваў у тым, што яны патрэбныя, калі раптам узнікне неабходнасць экстранай фінансавай стабілізацыі. А беларускае золата для экстранай фінансавай стабілізацыі не падыходзіць. З улікам усіх санкцыйных статусаў яму трэба спачатку знайсці пакупніка, а потым прапанаваць гэтаму пакупніку вялікую зніжку. І пакуль ты будзеш шукаць пакупніка і гандлявацца з ім з нагоды памеру зніжкі, можа аказацца, што нічога стабілізаваць ўжо не трэба.

Таму для экстранай фінансавай стабілізацыі золатавалютны рэзервам трэба не золата, а валюта. І вось як раз валюты, якая падыходзіць для экстранай фінансавай стабілізацыі, у гэтых рэзервах стала на 160 мільёнаў долараў менш.

А экстраная фінансавая стабілізацыя можа спатрэбіцца нават раней, чым мы з табой думаем. Таму што ўвесь мінулы год беларускія ўлады былі наогул не як Ланістэры. Увесь год яны нікому не плацілі свае даўгі. Але цяпер гэты ціхамірны стан скончыўся.

Сёлета беларускія ўлады ўжо пачалі аддаваць даўгі нават па дружалюбных крэдытах. Не кажучы ўжо пра розных спекулянтаў. Якія спачатку купілі беларускія каштоўныя паперы, а цяпер другі год хочуць, каб ім вярнулі іх грошы. Што тут сказаць? Сквапныя нікчэмныя людцы, якія ставяць свой асабісты фінансавы дабрабыт вышэй за дзяржаўныя інтарэсы беларускіх уладаў.


Глядзіце таксама

Агулам беларускім уладам трэба вярнуць пазык амаль на чатыры мільярды долараў. І гэта не даўгі варожым фінансавым інстытутам, накшталт Сусветнага банка, якім гэтыя даўгі можна было б не аддаваць. (Пазыкі варожым фінансавым інстытутам беларускія ўлады не аддалі яшчэ летась і аддаваць ужо не збіраюцца). Гэта даўгі дружалюбным Расіі і Кітаю. У якіх ёсць шмат пазаэканамічных стымулаў, каб прымусіць беларускія ўлады заплаціць.

А беларускім уладам яшчэ ж трэба стымуляваць эканоміку, каб эканоміка выканала планы беларускіх уладаў па сваім росце. Таму што ў іх на эканоміку ёсць вялікія планы. А беларуская эканоміка бясплатна не працуе. Беларуская эканоміка так доўга сядзіць на крэдытах, што стала ўжо як той наркаман, якому трэба пастаянна павялічваць дозу, каб падтрымліваць сябе ў прыстойным стане.

Гэта значыць грошай беларускім уладам трэба больш. А жадаючыя ім пазычыць у чаргу нешта не выстройваюцца.