Атрымаць неабходныя дакументы на рынках Расіі проста нерэальна, кажуць беларускія прадпрымальнікі
Атрымаць неабходныя дакументы на рынках Расіі проста нерэальна, заявіў індывідуальны прадпрымальнік з Мінска Мікалай Рамашын на праведзеным 23 чэрвеня ў сталіцы круглым стале па праблемах малога бізнесу. Арганізатарам круглага стала выступіла Асацыяцыя малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
На мерапрыемстве абмяркоўвалася, у прыватнасці, перспектыва працы ІП пасля 1 ліпеня, калі набудуць моц патрабаванні нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць парадак падавання дакументаў, якія пацвярджаюць факт набыцця і аплаты тавараў.
"Расійскія пастаўшчыкі беларускіх прадпрымальнікаў вельмі часта адмаўляюцца даваць таварасуправаджальныя дакументы, лічаць за лепшае адмовіцца ад здзелкі, чым звязвацца з афармленнем
паперак", — сказаў прадстаўнік дробнага бізнесу.
Паводле яго слоў, дробныя беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі складаюць зусім нязначны працэнт ад аб'ёму рэалізацыі расійскіх гандляроў і апошнім няма ніякай рацыі змяняць дзеля
беларусаў свае правілы гульні. Адзначаны нават выпадкі, калі расіяне вывешваюць аб'явы аб тым, што беларускім прадпрымальнікам тавар не прадаецца. І матывуюць гэта тым, што ў Беларусі занадта
складаныя правілы.
"Ні для каго не сакрэт, што ў Расіі вялікія партыі тавараў перамяшчаюцца наогул без усякіх дакументаў, і мясцовыя органы кантролю на гэта ніяк не рэагуюць. Таму, калі ўжо беларускія ўлады
вырашылі патрабаваць накладную на кожную кепку, то яны найперш павінны дамагчыся ад сваіх партнёраў па Мытным саюзе наяўнасці дакументаў на ўсе тавары, што перамяшчаюцца па іх
тэрыторыях", — лічыць Мікалай Рамашын.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН