Скрыпач Арцём Шышкоў: «Я разумеў, што я на доўгія гады закрыю сабе дарогу ў Беларусь»

Беларускі скрыпач Арцём Шышкоў распавядае пра творчы крызіс, карысць медытацый, стасункі з прыродай, сувязі з радзімай і працоўныя планы.

03_1_1536x1024.jpg

Ён кажа, што любіць усё, што ён робіць, і засяроджана дадае: «У мяне проста няма выбару». І гэта — чыстая праўда. Пару гадоў таму Арцём Шышкоў перажыў працяглы творчы крызіс. Ён не кранаўся сваёй скрыпкі шэсць месяцаў, і справа была не толькі ў парэзаным сухажыллі на руцэ: у нейкі момант стала незразумела, куды і навошта ісці. Але музыкам узроўню Шышкова жыццё і сапраўды не пакідае выбару. І менавіта таму мы ізноўку можам захапляцца дарам гэтага Артыста, піша «РадыёЎнэт».

У канцы студзеня самы вядомы ў свеце беларускі скрыпач выступіў у Варшаве — сыграў з аркестрам Польскага радыё канцэрты Лютаслаўскага і Бухарда. У перапынках паміж рэпетыцыямі і канцэртам мы запісалі з Арцёмам вялікае інтэрв’ю і паразмаўлялі пра музыку, медытацыі, сумленне і Баха. 

Крызіс творчы і духоўны

— Арцём, апошні раз мы з Вамі размаўлялі ў 2021 годзе. Тады Вы сказалі фразу, якая вельмі мяне ўсхвалявала. Вы сказалі, што музыкі ў Вашым жыцці стала менш. І сапраўды, было адчуванне, што Вы нібы замаўчалі. А яшчэ было адчуванне, што Ваша маўчанне звязанае не толькі з кавідным перыядам…

— Менавіта ў гэты час у мяне здарыўся крызіс. І так супала, што ў гэты ж момант я надрэзаў сабе сухажылле — спрабаваў сабраць бярозавы сок і забыўся дома добры нож. І ведаеце, раптам прыйшло нейкае задавальненне: што мне больш не трэба займацца, не трэба іграць, не трэба пакутаваць. Я паўгода не браў ў рукі скрыпку, хаця лекары казалі толькі пра два месяцы спакою. А я проста не ведаў, куды мне далей ісці. Але ў рэшце рэшт гэтыя шэсць месяцаў маўчання пайшлі мне на карысць. Я зразумеў, што калі капаць і шукаць у нейкім кірунку, то нейкія рэчы табе адкрываюцца. Часам гэта бывае імгненна, рэзка. А часам — вельмі паступова і балюча.

Глядзіце таксама

— А што Вы рабілі гэтыя паўгода без скрыпкі?

— О, я выдатна бавіў час! Мы хадзілі ў лес, збіралі з маёй сяброўкай расліны. Аказваецца, у лесе столькі смачнай ежы! Мы рабілі з траваў песта, вывучылі новыя віды грыбоў. Гулялі, даследавалі наваколлі Берліна. Нават калі быў поўны лакдаун, мы выходзілі нібы ў краму і на роварах з’язджалі на прыроду, дзе было адчуванне, што вакол нас усё вымерла. Гэта быў вельмі добры час.

— І ўся гэтая прыгажосць побач з Вашым домам?

— Прырода — гэта вельмі важная частка майго жыцця, яна мне дапамагае знаходзіцца бліжэй да рэальнасці. Я жыву побач з Берлінам ужо восьмы год. Каля мяне вялікае возера, літаральна 5 хвілін да лесу. Мы з сяброўкай стараемся хаця б праз дзень выходзіць у лес. Часам на паўтары гадзіны, часам на 3-4. Замест бараў, рэстаранаў, дыскатэк або прагляду нэтфлікса (я не ведаю, як людзі яшчэ адпачываюць) мы проста ідзем у лес.

 «Самыя вялікія музычныя перажыванні ў маім жыцці здараюцца на сцэне»

— Якім чынам Вы атрымалі запрашэнне ў Варшаву на музычны фестываль Лютаслаўскага? 

— Мне проста прыйшоў на пошту ліст з прапановай выступіць з аркестрам Польскага радыё і сыграць з імі два творы. Гэта абсалютна новая для мяне музыка, якой не было ў маім рэпертуары. Яе мова не вельмі простая, але залежыць ад таго, наколькі слухач падрыхтаваны да такога матэрыялу. 

Фота: А.Валодзін

Фота: А.Валодзін

 Вас можна аднесці да ліку выканаўцаў, якія любяць выступаць з аркестрам?

— Агулам я аддаю перавагу камернай музыцы і сола. Гэта менавіта тая глыбокая праца, дзе можна засяродзіцца, абмеркаваць, занурыцца ў дэталі і нюансы, калі з’яўляецца тое самае «чуть-чуть». З іншага боку, я нядаўна сыграў у Кёльнскай філармоніі «Поры года» Вівальдзі. Да гэтага я не выступаў з аркестрам гадоў пяць, а можа нават болей. І для мяне гэтае выступленне сталася неверагодна моцным перажываннем — поўная зала, дзве тысячы гледачоў! І было вельмі радаснае адчуванне, што ў мяне атрымалася знайсці фарбы, якія я раней не чуў у гэтай музыцы, атрымалася зрабіць штосьці свежае і новае. Мне здаецца, гэта былі вельмі ўдалыя знаходкі. І быў такі жывы водгук ад гледача… Гэта ўсё вялікая радасць. Самыя вялікія музычныя перажыванні ў маім жыцці здараюцца на сцэне.

Глядзіце таксама

Пра медытацыі, віпасану і Баха

— Арцём, Вам неўзабаве 40 гадоў, з якіх Вы амаль 35 граеце на скрыпцы. Што Вы даведаліся ізноў пра свой інструмент? Якія ў вас сёння з ім адносіны?

— Калі я ўспамінаю, як я іграў 20, 30 гадоў таму, мне здаецца, я вельмі шмат думаў, як успрымаецца ўсё тое, што я раблю. Было вельмі шмат таго, што можна назваць self-representation. Мусіць, гэта нармальна, і кожны чалавек праз гэта праходзіць. Я баяўся памылак. Увесь час быў нейкі страх і блокі. Цяпер яны паступова здымаюцца, раствараюцца, і часам у мяне сапраўды атрымліваецца творча існаваць на сцэне. І гэта вельмі-вельмі каштоўна.

Акрамя таго, я заўсёды стараюся ўбачыць, а нават уявіць, адчуць, што за музыкай абавязкова нешта ёсць. Гэтак жа на сцэне я ўяўляю сябе не як артыста, а як правадніка ці медыума. Я абавязкова медытую перад выхадам на сцэну і настройваю сябе на трансавы стан, у якім я мог бы быць празрыстым і праводзіць праз сябе нейкую энергію людзям, якія сядзяць у зале. І з майго досведу, найлепшыя мае канцэрты, калі мне гэта ўдаецца.

Фота: А.Валодзін

Фота: А.Валодзін

 Трансфармацыі музычныя немагчымыя без трансфармацый думак, пачуццяў, досведу?..

— Безумоўна. Чым больш жыву, тым больш я разумею, што не ўмею жыць. Бо тое, што завецца жыццём — гэта і не жыццё. Гэта паўсядзённасць і будзённасць, шмат звычак, абавязкаў, залежнасцяў, спраў, але жыццё — гэта іншае. Я зараз вучуся жыць так, каб кожны момант пражываўся свядома, Вучуся спагадзе. У гэтым мне вельмі дапамагаюць медытацыі.

Я ўжо некалькі разоў быў на віпасане — гэта дзесяцідзённая медытацыя ў маўчанні. Нельга ні слухаць музыку, ні чытаць, ні пісаць, забаронены нават зрокавы кантакт з людзьмі. Толькі медытаваць — па 10-11 гадзін у дзень. Тры разы на дзень на працягу гадзіны нельга рухацца, нельга мяняць пазіцыю. Гэта вельмі-вельмі складана. З’яўляецца боль, дыскамфорт, хочацца кожную гадзіну ўстаць і сысці. Але прымаецца рашэнне, і іншага шляху няма, акрамя таго, як праз гэта прайсці. І ў гэты ж час з табой побач у гэтай залі сядзяць 70, 80, 100 чалавек, якія адчуваюць тое самае. І вось тады нараджаецца эмпатыя. Ты разумееш, што ты не адзіны такі. Усім балюча і ўсе трываюць, усе праходзяць праз гэта. І гэта вельмі натхняе і дапамагае прайсці праз пакуты. А потым я адчуваю, наколькі я па-новаму гляджу на людзей.

Я навучыўся давяраць жыццю і ведаю праз гэтую веру, што ўсё будзе добра. Усё будзе так, як мае быць. Я перастаў верыць у памылкі. Я перакананы, што любую памылку мы можам трансфармаваць у крок на нашым шляху. Тады яна перастае быць памылкай, а любая падзея ў жыцці чалавека вядзе яго да мэты…

Глядзіце таксама

— Арцём, а ў музыцы якога кампазітара Вы сёння знаходзіце для сябе адказы на галоўныя пытанні гэтага свету?

— Безумоўна, гэта Бах. На мой погляд, у яго не ўсё аднолькава геніяльнае і шэдэўральнае, і ўсё ж ёсць рэчы, якія кожны раз адкрываюць абсалютна новыя гарызонты і рэальнасці.

— А ці знаходзіцца ў Вас час на больш «лёгкае» музычнае існаванне?

— Я вельмі люблю імправізаваць. Але складаней за ўсё мне гэта рабіць на маім інструменце, таму што ў мяне ёсць пэўная мова, на якой амаль немагчыма развучыцца размаўляць. Таму калі я імправізую, то часта бяру скрыпку вертыкальна, як віяланчэль – мне так лягчэй. Тады няма моцных рэфлексаў, якія трэніраваліся амаль 35 гадоў.

Фота: А.Валодзін

Фота: А.Валодзін

Адзінота і любоў…

— Арцём, якія ў Вас сёння сувязі з Мінскам музычным?

 Ніякіх. Я ж не магу туды ездзіць. Гэта вельмі балючае і складанае для мяне пытанне, бо ў 2020 годзе, калі я рабіў нейкія публікацыі, выступаў і хадзіў, я разумеў, што, магчыма, я на доўгія гады закрыю сабе дарогу ў Беларусь. І я вельмі паважаю тых людзей, якія там застаюцца і ўсё роўна, нават у гэтых умовах, стараюцца нешта даваць людзям. Ім гэтая музыка вельмі патрэбная.

Адзін мой сябар  піяніст Лёша Пшанічны  кажа, што музыка гоіць душу. І я з ім цалкам згодны. Гледзячы на той свет, у якім мы жывем, на ўсе гэтыя вар’яцтвы і madness, вельмі важна даваць людзям каліва нейкай надзеі, веры, чагосьці духоўнага. Бо самае галоўнае  гэта заставацца чалавекам. Не глядзець на тое, што яны робяць і не патураць свайму жаданню помсты, якое ўзнікае. Не паддавацца яму. Вы ведаеце, быў такі чалавек  Ісус яго звалі, і ён да канца ішоў сваім шляхам і на агрэсію адказваў толькі любоўю. Але гэта няпроста. Ісусу гэта каштавала жыцця. Аднак ён ведаў, што не важна, калі і як мы памрэм, але важна тое, як мы жывем.

Глядзіце таксама

— Якім чынам Вы сёння арганізоўваеце сваё канцэртнае жыццё? Вам нехта дапамагае?

 Цяпер я працую без агента. Часам мяне хтосьці рэкамендуе, праз сяброў прыходзяць запрашэнні. Планую ў красавіку і траўні сольны еўрапейскі тур. Гэта будзе Нямеччына, Бельгія, Галандыя, Італія і, магчыма, Швейцарыя. Скрыпка сола, нейкія цэрквы, камерныя залы і хатнія канцэрты.

Фота: А.Валодзін

Фота: А.Валодзін

Я знайшоў, знаходжу баланс, калі канцэртаў не вельмі шмат, але з іншага боку іх і хапае. Я не ўяўляю, як людзі даюць па 150 канцэртаў за год. Больш за тое, я лічу, што гэта шкодна, у тым ліку і для публікі. Хаця я магу памыляцца. Можа быць, ёсць нейкія суперлюдзі, але я думаю, што гэта хутчэй за ўсё канвеер. Вельмі стабільнае выкананне, але глыбіні і сумленнасці… я думаю, што там іх няма. Або вельмі-вельмі мала.

— З іншага боку, выканаўца не толькі аддае, але і атрымлівае, сілкуецца з гэтай бясконцай крыніцы энергіі паміж музыкам і публікай.

— Гэта, безумоўна, так. Але ў мяне гэта як правіла забірае шмат фізічных і духоўных сіл. Мне трэба час, каб аднавіцца. Тое ж самае я бачу ў сваім сацыяльным жыцці — калі ў мяне вельмі шмат сустрэч, то гэта знясільвае, і мне потым трэба пабыць аднаму. Ведаеце, як Заратустра, які прасвятляўся, вяртаўся да людзей, а потым ізноў ад іх уцякаў. Абавязкова патрэбныя моманты адзіноты, якіх у нашым жыцці практычна няма.