ЗША прапануюць новы план па спыненні агню ва Украіне
ЗША прапануюць увесці ва Украіне 30-кіламетровую «дэмілітарызаваную зону». Але папярэднік Трампа, экс-прэзідэнт Джо Байдэн упэўнены, што Пуцін не спыніць вайну канчаткова, і любы, хто думае інакш, з'яўляецца «проста дурнем». Тым часам ідзе 1169-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы ад 7 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 77 атак агрэсара ў раёнах Калінавага, Лысаўкі, Шаўчэнка, Котліна, Удалага, Траецкага, Катляроўкі, Срэбнага, Андрэеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 23 штурмы расіян паблізу Канстанцінопалю, Прывольнага, Навасёлкі, Вольнага Поля, Шаўчэнка, іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз, спрабаваў прасунуцца ў раёнах Ліпавага, Надзеі, Зялёнага Гаю, Рэдкадубу, Ямпалаўкі, Торскага і ў напрамках Новага Свету, Зялёнай Даліны.
На Тарэцкім і Харкаўскім кірунках адбылося па восем боесутыкненняў на кожным.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 11 атак арміі РФ. Расіяне нанеслі 12 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 18 кіраваных авіябомбаў.
* * *
У ноч з 6 на 7 траўня ў Кіеве тры разы аб'яўлялі паветраную трывогу. Першыя два сігналы былі звязаныя з пагрозай прымянення балістыкі, апошні — з пагрозай дронаў. Армія РФ выпусціла па сталіцы Украіны ракету і 28 беспілотнікаў. Ракету і 11 БпЛА ўдалося збіць, 3 дроны былі лакацыйна страчаныя і яшчэ 10 пакінулі паветраную прастору сталіцы, паведамілі ў КГВА.
У Дняпроўскім раёне зафіксавана падзенне аскепкў БпЛА на жылы дом. У Святошынскім раёне аскепкі ракеты ўпалі на 10-павярховы жылы дом. У Шаўчэнкаўскі раёне Кіева аскепкі дронаў ўпалі на жылы дом і супермаркет. У выніку атакі 2 чалавекі загінулі, 8 пацярпелі, з іх — 4 дзеці, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Увечары 6 траўня расійскія войскі масіравана атакавалі дронамі Запарожжа. У выніку нападу было шмат пажараў, чатыры чалавекі атрымалі раненні.
У Расійскай Федэрацыі дроны атакавалі шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу , якія спецыялізуюцца на распрацоўках сучасных сістэм узбраенняў, паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка.
У Саранску дроны ўдарылі па заводзе «Оптавалакновыя сістэмы». Прадпрыемства з'яўляецца ключавым элементам у сферы сучаснай ваеннай сувязі і спецыялізуецца на вытворчасці оптавалакновых кабеляў і сістэм сувязі, у прыватнасці для дронаў на оптавалакне. Паражэнне завода таксама пацвярджае ASTRA.
Беспілотнікі атакавалі акцыянернае таварыства «Канструктарскае бюро прыборабудавання» ў Туле. Прадпрыемства з'яўляецца адным з флагманаў ВПК Расіі і спецыялізуецца на распрацоўцы сучасных сістэм узбраенняў.
Таксама ў Туле быў атакаваны галоўны расійскі распрацоўшчык рэактыўных сістэм залпавага агню — навукова-вытворчае аб'яднанне «Сплаў».
* * *
Расія нанесла чарговыя ўдары па гарадах Украіны, у выніку чаго загінулі людзі і пацярпелі дзеці. Такія паводзіны дэманструюць сапраўдную сутнасць РФ — не як «вызваліцеля», а як дзяржавы, якая ўчыняе ваенныя злачынствы, заявіла прэс-служба МЗС Украіны, рэагуючы на начныя ўдары па Кіеве і Запарожжы.
Атака Расіі стала адказам Крамля на мірную ініцыятыву спынення агню, адзначылі ў МЗС. «Пуцін адказвае такімі жорсткімі ўдарамі на безумоўную прапанову Украіны аб спыненні агню на 30 дзён ці даўжэй. Ён свядома кпіць з мірных намаганняў ЗША», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.
* * *

* * *
Спецыяльны прадстаўнік ЗША ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг агучыў новы план ЗША ў замарозцы вайны, паведамляе Fox News. Ён не выключыў, што вайна можа быць замарожаная па цяперашняй лініі фронту, а ўздоўж яе будзе створана 30-кіламетровая дэмілітарызаваная зона.
Паводле яго слоў, украінская армія і армія РФ могуць адысці на 15 кіламетраў ад цяперашняй лініі судакранання з абодвух бакоў. Гэта дазволіць стварыць дэмілітарызаваную зону і назіраць за ёй. «Гэта будзе 30-кіламетровая зона, якую можна будзе кантраляваць», — сказаў Келаг.
З ягоных слоў, калі Расія пагодзіцца на такі варыянт, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зможа забяспечыць яго выкананне на практыцы. Спецпасланнік таксама дадаў, што еўрапейскія партнёры маюць намер увесці міратворчыя войскі, але тады яны будуць размешчаныя на правым беразе, а не на левым беразе Украіны па Дняпры.
* * *
Атака ўкраінскіх беспілотнікаў па Маскве ў дзень параду 9 траўня, якой баяцца ў Крамлі, малаверагодная, піша The Washington Post пасля зносін з уласнымі крыніцамі ва ўкраінскай уладзе і кіраўніцтве УСУ.
Выданне са спасылкай на неназваных суразмоўцаў адзначае, што расійцы сцягнулі да сваёй сталіцы вялікую колькасць сістэм СПА, таму наўрад ці ўкраінскі ўдар можа стаць паспяховым. Яшчэ адным фактарам адмовы ад магчымых атак з'яўляецца прысутнасць на парадзе прадстаўнікоў Кітая, Індыі і некаторых еўрапейскіх дзяржаў. Таксама падобны ўдар можа выклікаць «раздражненне і лютасць» з боку Злучаных Штатаў.
Таму ў WP абмеркаванне магчымага ўдару Кіева па Маскве назвалі «хайпам». Але замест гэтага можна чакаць удараў па іншых мэтах на тэрыторыі Расіі, адзначае выданне.
Раней прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што «Украіна не можа гарантаваць бяспеку сусветным лідарам у Маскве 9 траўня».
* * *
Экс-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у інтэрв'ю BBC назваў падыход свайго пераемніка Дональда Трампа ў дачыненні да вайны Расіі супраць Украіны сучаснай палітыкай замірэння, і асцерагаецца, што гэта можа стаць сігналам для іншых еўрапейскіх краін, што прыйшоў час саступіць РФ.
Як заявіў Байдэн, Пуцін уважае Украіну «часткай маці-Расіі. Ён верыць, што мае гістарычныя правы на Украіну... Ён не можа змірыцца з тым, што [...] Савецкі Саюз распаўся. І любы, хто думае, што ён спыніцца, з'яўляецца проста дурнем».
Байдэн адзначыў, што імкнуўся пазбегнуць перспектывы «Трэцяй сусветнай вайны з ядзернымі дзяржавамі». «І мы пазбеглі гэтага», — дадаў ён. «Што зробіць Пуцін, калі сітуацыя для яго стане сапраўды складанай? Будзе пагражаць прымяніць тактычную ядзерную зброю. Гэта не гульня і не рулетка», — адзначыў экс-прэзідэнт ЗША.