Зяленскі: Украіна не можа гарантаваць бяспеку ўдзельнікам парада 9 траўня ў Маскве
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што не гарантуе бяспеку чальцам замежных дэлегацый, якія прыедуць на парад 9 траўня ў Маскве. І не таму, што Украіна дрэнная — ён нагадаў пра звычай Расіі рабіць правакацыі. А войскі РФ ва Украіне значна інтэнсіфікавалі штурмы, верагодна, імкнучыся зрабіць поспехі да 9 траўня. Ідзе 1166-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з РБК-Украіна
У цэлым, за мінулыя суткі зафіксавана 253 баявыя сутыкненні, паведамляе ў ранішняй зводцы 4 траўня Генштаб УСУ.
Амаль палова з іх — 113 — адбыліся на Пакроўскім кірунку ў раёнах Старой Мікалаеўкі, Зялёнага Поля, Міралюбоўкі, Елізаветаўкі, Лысаўкі, Зялёнага, Шаўчэнка, Александропалю, Котліна, Навасергіеўкі, Новааляксандроўкі, Катляроўкі, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірункуку Сілы абароны Украіны адбілі 66 расійскіх штурмаў у раёнах Канстанцінопалю, Бурлацкага, Навасёлкі, Прывольнага і іншых.
На Ліманскім кірунку вораг атакаваў 16 разоў у раёнах Рэдкадубу, Ліпавага, Ямпалаўкі, Студні, Торскага.
Па шэсць атак расіян зафіксавана на Купянскім і Краматорскім кірунках. На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі сем атак у раёне Тарэцка, паблізу Крымскага і Дыліеўкі.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 23 боесутыкненні.
* * *
На фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў каля Лімана, Северска, Ноывапаўлаўкі, Курахова і Вялікай Навасёлкі. Паведамляецца аб контратаках з боку Сіл абароны Украіны ў шэрагу раёнаў, піша ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 траўня, паказваюць, што расійцы прасунуліся на захад ад Макееўкі (на паўднёвы захад ад Баравой) у Луганскай вобласці.
Апублікаваныя 3 траўня геалакацыйныя кадры сведчаць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Торскага (на ўсход ад Лімана).
Згодна з геалакацыйнымі кадрамі, апублікаванымі 2 траўня, расійцы прасунуліся ў паўночна-ўсходнюю частку Грыгор'еўкі (на паўночны ўсход ад Северска) у Данецкай вобласці.
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Новапаўлаўскім кірунку — на ўсход ад Катляроўкі (на паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі), а таксама на Курахоўскім кірунку — у паўднёва-усходняй частцы Багаціра (на захад ад Курахава). Расійскія «ваенкоры» заявілі 3 траўня, што УСУ контратакуюць у н.п. Багацір.
Геалакацыйныя кадры ад 3 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад Вольнага Поля (на паўночны захад ад Вялікай Навасёлкі). Расійскія «ваенкоры» сцвярджаюць, што УСУ контратакавалі каля Вольнага Поля і Шаўчэнка.
* * *
У ноч на 4 траўня расіяне атакавалі Украіну 165 ударнымі БпЛА і беспілотнікамі іншых тыпаў, 69 з іх збітыя, яшчэ 80 прызнаныя «лакацыйна страчанымі», паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
У ноч на 4 мая ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў у Кіеве паўсталі разбурэнні і ўзгарання ў трох раёнах: Абалонскім, Святошынскім і Шаўчэнкаўскім, ёсць 11 пацярпелых, з якіх 2 дзяцей.
У Чаркасах у выніку начной дронавай атакі пацярпеў адзін чалавек. Было зафіксавана 5 пажараў па розных адрасах. ДСНС Украіны ўжо ліквідавалі ўсе пажары ў горадзе, якія ўспыхнулі па розных лакацыях з-за абстрэлу.
* * *

* * *
Каля Наварасійску ўкраінскія надводныя беспілотнікі, абсталяваныя авіяцыйнымі ракетамі Р-73, упершыню збілі расійскі знішчальнік Су-30, перадае Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) і шэраг расійскіх ваенкораў. «Гістарычны ўдар здзейснілі воіны спецпадраздзялення ГУР Group 13 ракетай беспілотнай марской платформы Magura. Шматмэтавы знішчальнік дзяржавы-агрэсара Расіі, чый арыенціровачны кошт складае блізу 50 мільёнаў долараў, успыхнуў у паветры і ўрэшце ўпаў у мора — на дно ўладанняў бязлітаснага Нептуна», — паведамілі ў ГУР.
Аб усталяванні на беспілотныя катэры MAGURA савецкіх ракет «паветра-паветра» Р-73 з інфрачырвонай сістэмай навядзення яшчэ летась афіцыйна паведаміла ГУР. Дзякуючы гэтаму ў снежні аператары знішчылі першыя паветраныя цэлі — два расійскія гелікоптэры Мі-8.
Савецкая ракета Р-73 першапачаткова была распрацаваная для запуску з савецкіх знішчальнікаў, але пазней была адаптаваная для запуску з зямлі і марскіх платформаў. Яшчэ да пачатку вайны ўкраінскія прадпрыемствы заяўлялі аб засваенні рамонту і мадэрнізацыі гэтых ракет.
* * *
Украіна не можа гарантаваць іншым краінам бяспеку іх прадстаўнікоў падчас запланаваных паездак у Маскву на парад 9 траўня, паколькі расійскі бок можа здзяйсняць у дачыненні да гасцей любыя дзеянні, а ўкраінскі не можа несці адказнасць за тое, што адбываецца ў РФ, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Наша пазіцыя вельмі простая да ўсіх краін, якія ехалі або едуць на 9 траўня: мы не можам несці адказнасць за тое, што адбываецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Яны забяспечваюць вам бяспеку і таму гарантыі мы вам ніякія даваць не будзем. Таму што мы не ведаем, што Расія будзе рабіць у гэтыя даты», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён не выключыў, што Крэмль арганізуе правакацыі на 9 траўня, каб затым абвінаваціць у іх Украіну. Акрамя таго, ён адзначыў, што Расія неаднаразова праводзіла абстрэлы і ракетныя і дронавыя атакі, калі ва Украіне знаходзіліся высокапастаўленыя прадстаўнікі іншых краін.
«Мы не рэкамендуем вам з пункту гледжання (бяспекі — рэд.) наведваць РФ. А калі вы гэта робіце — не пытайцеся нас. Гэта ваша асабістае рашэнне», — сказаў украінскі лідар.
* * *
У Францыі плануюць вырабіць на працягу гэтага года 1200 кіраваных авіяцыйных бомбаў AASM Hammer ў процівагу 830 камплектам ў 2024-м.Такое ўзбраенне афіцыйны Парыж дае Украіне ў рамках абароннай дапамогі, піша Le Parisien.
Модульная зброя класа «паветра-зямля» — гэта «новы ўлюбёнец украінскіх баявых самалётаў», і з пачатку шырокамаштабнага ўварвання РФ вытворчасць AASM у Францыі «ў кірунку фронту вырасла ў чатыры разы», адзначае выданне.
Асаблівасцю AASM Hammer з'яўляюцца два камплекты навядзення, якія робяць бомбавую сістэму «беспамылковай супраць варожых перашкод, забяспечваючы пры гэтым яе навігацыю да патрэбнай мэты». Акрамя таго, моцным бокам такіх бомбаў называюць магчымасць выкарыстання савецкімі знішчальнікамі МіГ і Су, якія знаходзяцца на ўзбраенні Украіны.